Лідара гурта Dzieciuki аштрафавалі за перапост (абноўлена)



Гарадзенскага музыканта і журналіста Алеся Дзянісава аштрафавалі на 25 б.в. (612,5 рублёў).

Такі прысуд вынес суддзя суда Кастрычніцкага раёна Гародні Валерый Шпак.

З падрабязнасцямі наш гарадзенскі карэспандэнт Сяргей Апановіч:

– Гэты прысуд ён зачытаў пасля 12-хвіліннага перапынку, нават не прыняўшы да ведама ўсе тыя довады, якімі кіраваўся Алесь Дзянісаў. Алесь Дзянісаў казаў на судзе, што ўсе гэтыя перапосты ён зрабіў ужо пасля таго, як старонка была заблакаваная. Але, па яго словах, гэтыя відэа яшчэ былі на гэтай старонцы. Дзянісаў спасылаўся на тое, што ўжо пасля блакавання старонкі відэа не павінна было існаваць, але суддзя не прыняў да ведама гэтыя аргументы і даў яму вялікі штраф у памеры 25 базавых велічыняў.

Алесь Дзянісаў спрабаваў прыводзіць аргументы ў сваю абарону, але суддзя вельмі хутка, пасля 15 хвіліннага перапынку, вынес пастанову пра віну журналіста па артыкуле 17.11.

– Не было прынята ў якасці аргумента ў маю абарону. У мяне склалася такое адчуванне, што гэта рашэнне ўжо было прынята. Тут справа не ў суддзі Шпаку, а ў тым, што яму толькі дазволілі вызначыць колькі даць.

Гарадзенскі праваабаронца і публіцыст Віктар Сазонаў, які прысутнічаў на працэсе, упэўнены, што судовая сістэма Беларусі такім дае старт падобным справам.

– Ведаючы нашу сістэму, усё ж думалася, хаця б на дапрацоўку гэтыя матэрыялы будуць накіраваныя, хаця б нейкая экспертыза будзе праведзеная. Суддзя прыйшоў і зачытаў тое, што мусіў зачытаць. Яшчэ раз пацвердзіў, якія ў нас суды. Гэта была адмашка на новы старт, і вельмі хутка мы ўбачым мноства спраў, звязаных з рэпостамі ў сацыяльных сетках.

На думку гарадзенскага актывіста, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Ежы Грыгенчы, такія працэсы – здзек над актывістамі і журналістамі.

– Проста здзек над людзьмі, здзек над усім. Сайты не зачыняюць экстрэмісцкія, а затым робяць людзей вінаватымі. За 15 хвілін суддзя выносіць прысуд. Гэта значыць, што ён з камітэта даўно яго атрымаў.

На думку гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына, справа пра рэпост у сацыяльных сетках – гэта працяг ціску на журналістаў тэлеканала “Белсат”:

– Звязваю гэты працэс з працягам пераследу грамадскіх актывістаў і непасрэдна незалежных журналістаў. Я лічу, што гэты працэс працягваецца ў рэчышчы пераследу Аляксея Кайрыса і Алеся Дзянісава журналістаў “Белсату”, які пачаўся некалькі месяцаў таму. У іх была канфіскавана апаратура, адбывалася праверка ў межах пачатай крымінальнай справы.

Падтрымаць Дзянісава на суд прыйшлі амаль два дзясяткі журналістаў і грамадскіх актывістаў.   

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня