Лідара Незалежнага прафсаюза „Нафтана” будуць судзіць пяты раз
Лідара Незалежнага прафсаюза „Нафтана” Вольгу Брыцікаву будуць судзіць пяты раз.

Суд прызначаны на 27 красавіка, ён пачнецца а 16-й гадзіне ў Наваполацкім гарадскім судзе. Брыцікава ўжо амаль два месяцы за кратамі. Яе затрымалі 27 лютага на вучастку для галасавання падчас рэферэндуму. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна фатаграфавала бюлетэнь. Прысуд — 15 сутак арышту. Аднак ужо праз некалькі дзён яе асудзілі паўторна — за надпісы на куртцы „Не вайне”. У трэці раз падставай для суда сталі паперкі з надпісамі „Не вайне” на вокнах яе кватэры. Падставай для чацвёртага суда стаў пост „Не вайне” ў Instagram. У чым абвінавацяць Вольгу Брыцікаву на гэты раз, пакуль невядома.
Кожны раз суддзя прызначаў Брыцікавай пакаранне ў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У выніку за кратамі ў часовым ізалятары яна знаходзіцца ўжо амаль два месяцы.
Вольга Брыцікава працавала начальнікам аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў на „Нафтане”. У жніўні 2020 года яна стала актыўнай удзельніцай пратэстаў на прадпрыемстве. Калі быў сход працоўных з удзелам тагачаснага кіраўніка Камітэта дзяржаўнага кантроля Івана Церцеля (цяпер ён — старшыня КДБ), якраз Брыцікава агучыла патрабаванні да ўладаў. У канцы 2020 года Вольгу Брыцікаву звольнілі з прадпрыемства, у 2021 годзе яна стала кіраўніком незалежнага прафсаюза на „Нафтане”.
