Лідарам прафсаюза РЭП прад’явілі канчатковае абвінавачанне



Следства ў дачыненні да старшыні Прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча і кіраўніка Менскай гарадской арганізацыі прафсаюза Ігара Комліка завершанае, ім прад’яўленыя канчатковыя абвінавачванні па частцы 2 артыкула 243 КК.

Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч

Лідары прафсаюза РЭП абвінавачваюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Генадзь Фядыніч кажа, што сутнасць абвінавачання за час следства не змянілася:

– Прайшло амаль 10-ць месяцаў пасля гэтых ператрусаў. Нам аб’явілі гэтае абвінавачанне і яно амаль не змянілася. Праз 10-ць месяцаў нам яго зноў 8 траўня аб’явілі, што справы будуць перададзеныя ў пракуратуру, потым у суд, а нам месяц на знаёмства з матэрыяламі справы.

„Калі мэтай уладаў быў ціск на сябраў прафсаюзаў, якіх па ўсёй краіне апытвалі следчыя, то гэтая мэта таксама не была дасягнутая”, – дадае Генадзь Фядыніч:

– Гэта таксама не дало ніякага выніку, людзі не зыходзяць, мы наадварот прымаем людзей у прафсаюз. Безумоўна гэта палітычна матываваная справа, з якога боку ты не круці. Лічу, што яна не прынясе ніякіх здабыткаў ні ўладзе, ні грамадскасці.

Следства прыйшло да высновы, што па выніках 2011 года прафсаюз РЭП не заплаціў у бюджэт краіны 22 тысячы 87 рублёў падаткаў.

Паводле такога ж абвінавачвання ў 2011 годзе праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабарончы цэнтр „Вясна” патрабуе спыніць пераслед прафсаюзных лідараў,  кажа намеснік старшыні арганізацыі Валянцін Стэфановіч:

– Мы настойвалі і настойваем на спыненні крымінальнай справы, крымінальнага пераследу актывістаў незалежнага прафсаюза, і па-ранейшаму гэта справа палітычна матываваная і ўзбуджаная ў сувязі з рэалізацыяй спадаром Фядынічам свабоды асацыяцый.

Па словах Валянціна Стэфановіча, вельмі важным можа апынуцца і стаўленне міжнародных арганізацый да гэтай гучнай справы:

– Канешне тут сшмат чаго будзе залежыць ад пазіцыі міжнароднай супольнасці ў дачыненні да ацэнкі гэтай сітуацыі. Мы дзеля гэтага канешне будзем прыкладаць намаганні, якія ад нас залежаць. Спадзяюся, што спадар Комлік і спадар Фядыніч не будуць асуджаныя і тым больш не будуць пазбаўленыя волі.

Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 года. Фядыніча вызвалілі ў той жа дзень, а Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017. Абодва абвінавачаныя зараз знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.

У абвінавачаных ёсць месяц для азнаямлення з матэрыяламі справы, пасля чаго іх перададуць у суд. Генадзь Фядыніч называе справу палітычна матываванай і вінаватым сябе не прызнае.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя