Лідарку ініцыятывы “Маці 328” запрасілі на сустрэчу з кіраўніком МУС



Лідарку ініцыятывы „Маці 328” Ларысу Жыгар запрасілі на сустрэчу з міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым.

Як яна паведаміла БелаПАН, сустрэча запланаваная на 5 ліпеня: „Запрасілі асабіста мяне прыйсці на сустрэчу з міністрам, але са мной мамы мае, якія галадаюць, таксама пойдуць. Хачу, каб яны прысутнічалі на сустрэчы. Змагу, напэўна, данесці да Юрыя Хаджымуратавіча тое, што ёсць шматлікія пытанні, па якіх яны таксама могуць выказацца”.

Жыгар таксама паведаміла, што атрымала ліст з Адміністрацыі прэзідэнта за подпісам супрацоўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Рыгора Шлыка, які адказвае за працу са зваротамі грамадзян. „Там гаворыцца, што меркаваная дата сустрэчы (з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай. — БелаПАН.) — 10 ліпеня. Сустрэча можа адбыцца і раней, але не пазней за 10 ліпеня”, — сказала Жыгар.

Паводле яе слоў, 3 лiпеня жанчыны маюць намер прыпыніць галадоўку, „каб сабрацца з сіламі і падрыхтавацца да сустрэч”. „Я галадаю 12-ты дзень, астатнія мамы — ужо 22-гі. Вельмі ўжо адчуваюцца наступствы галадоўкі, а ісці трэба з яснай галавой і поўнымі сіл. Нас таксама папрасілі падрыхтаваць і пісьмова выкласці тыя пытанні, якія мы хочам абмеркаваць з міністрам. Будзем рыхтаваць два звароты — па непаўналетніх і па дарослых, у асноўным па тых, хто асуджаны па чацвёртай частцы артыкула 328, — сказала Жыгар. — Але галадоўку мы пакуль не спыняем, а толькі прыпыняем. І 3 ліпеня яе падхопяць мамы непаўналетніх”.

Галадоўка маці асуджаных па арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) праходзіць з 11 чэрвеня ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. З першага дня ў ёй удзельнічаюць Ала Берналь, Алена Кузьміна і Людміла Кулініч. 22 чэрвеня да іх далучылася Ларыса Жыгар. Жанчыны патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, Наталляй Качанавай, новым кіраўніком МУС Юрыем Караевым, а таксама карэкціроўкі антынаркатычнага артыкула і стварэння камісіі па пераглядзе крымінальных спраў ужо асуджаных на падставе арт. 328.

13 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні папраўкі, якія прадугледжваюць зніжэнне на два гады ніжніх межаў пакарання па чч. 2 і 3 арт. 328 КК. Як тлумачылі БелаПАН у парламенце, пасля ўваходжання паправак у сілу для тых, хто ўжо асуджаны па чч. 2 і 3 арт. 328 КК, магчымы перагляд спраў, але не аўтаматычна, а пасля хадайніцтва асуджанага.

belapan.by