Лідары апазіцыі з Менска прыехалі на пратэст у Берасці (абноўлена)



У Берасці традыцыйна ў нядзелю сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода “АйПаўэр”. 240 праціўнікаў завода АКБ выйшлі на плошчу Леніна. Сёння падтрымаць жыхароў рэгіёна прыехалі палітыкі з Менска.

Фота bchd.info

Сярод іх – адзін з лідараў “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Віталь Рымашэўскі, які падчас анлайн-трансляцыі ў сваім фэйсбуку прыгадаў пра прэвентыўныя затрыманні актывістаў і падкрэсліў важнасць падтрымкі берасцейцаў у іх змаганні за чыстае паветра:

– Былі прэвентыўныя затрыманні, каб людзі не выйшлі на плошчу. Затрымалі некалькіх актывістаў. Сёння затрымалі Кабанава з Бярозы, каб той не паспеў прыехаць у Берасце. Мы прыехалі таму, што гэтыя выступленні і выхады людзей вельмі важныя. Для таго, каб іх падтрымаць сваёй асабістай прысутнасцю. Я лічу, што прыйсці пакарміць галубоў у цэнтры Берасця – гэта вельмі важна і вельмі карысна для падтрымання экалогіі.

“Людзі пратэстуюць супраць “маленькага Чарнобыля”, які ўлады будуюць пад Берасцем”, – заявіў Віталь Рымашэўскі. Ён прыгадаў пра экалагічныя праблемы ў Магілёве, Гомелі, Светлагорску, Пінску, дзе таксама паўсталі або паўстаюць экалагічна-брудныя прадпрыемствы.  Як адзначыў падчас трансляцыі ў фэйсбуку лідар Руху “За Свабоду” Юрый Губарэвіч, затрыманні і пераслед не стрымліваюць пратэстаў у Берасці:

Людзі ўсё роўна выходзяць, людзі гатовы адкрыта сказаць, што яны пратэстуюць супраць пабудовы акумулятарнага завода. Сёння мы тут з усімі разам, тут прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі: Віталь Рымашэўскі, Мікалай Казлоў. Прыйшлі, каб падтрымаць берасцейцаў у абсалютна справядлівым іх змаганні супраць пабудовы акумулятарнага завода.

Грамадская кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені мінулага года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 56-ці мітынгаў, 12-ці пікетаў і 8-мі дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю. Праціўнікі прадпрыемства збіраюцца кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці. Ужо другі тыдзень запар яны таксама праходзяць цэнтральнымі вуліцамі горада.

Фота facebook.com/yury.hubarevich

Беларускае Радыё Рацыя