Лідары па адсутнасці тэхагляду аўтамабіляў – Менская вобласць, Менск і Віцебская вобласць (абноўлена)



Аўтамабіляў у Беларусі больш за 3,5 млн., але колькі з іх ездзіць па дарогах – невядома нікому

Рэгістрацыя аўто і яго выкарыстанне – розныя рэчы, якія ў Беларусі не паддаюцца ўліку. Пра сітуацыю на брыфінгу ў Менску распавёў часовы выканаўца абавязкаў па пасадзе начальніка УДАІ МУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Цагельнік.

– У нас у краіне няма механізмаў, якія б стымулявалі зняцце аўтамабіляў з уліку. У нас на ўліку находзіцца, напрыклад, 100 000 аўтамабіляў ЗАЗ, якіх мы ўжо не бачым на вуліцах. Але яны стаяць на ўліку і ніякай адказнасці за не зняцце з уліку ў нас няма. Цяпер на ўліку 3 мільёны 600 тысяч аўтамабіляў, але колькі з іх фактычна эксплуатуецца, я не магу гэтую лічбу паведаміць. Некаторыя эксплуатуюцца ў іншых краінах, у Расейскай Федэрацыі. Некаторыя ўжо даўно ўтылізаваныя, але ўласнікі іх не знялі з уліку.

Магчыма, сітуацыю дапаможа ўпарадкаваць замена так званага дарожнага збору на падатак на аўтамабіль па аналогіі з падаткам на нерухомасць, зямлю і гэтак далей. Але калі і якім чынам будзе вырашацца пытанне выплаты дарожнага збору, які плануецца адвязаць ад праходжання тэхагляду, у МУС не ведаюць. 

***

МУС выступае за адвязку дарожнага збору ад праходжання тэхагляду

На брыфінгу ў Менску часовы выканаўца абавязкаў па пасадзе начальніка УДАІ МУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Цагельнік сказаў, што прапанову Міністэрства ўнутраных спраў падтрымліваюць большасць дзяржорганаў і ўрад, але яшчэ няма згоды наконт кантролю выплаты дарожнага збору ці так званага «падатку на дарогі». Нагадаем, без выплаты збору ўладальнік аўтамабіля не дапускаецца да праходжання тэхагляду.

– Паўстае пытанне кантролю за аплатай дзяржпошліны, і пытанне гэта яшчэ разглядаецца. Ёсць розныя падыходы, якім чынам аплочваць дзяржпошліну. Тут меркаванні разышліся: ці ўключаць у кошт паліва, ці штосьці іншае. Напрыклад, у Германіі – гэта падатак на транспартны сродак, як мы плацім падатак на зямлю, падатак на нерухомасць. У Германіі такі ж самы падатак – на аўтамабіль. І гэта, дарэчы, стымулюе, каб людзі здымалі з уліку транспарт, які ў нас не здымаецца. Здаў у перапрацоўку на металалом, а з уліку з ДАІ не зняў. І адказнасці за гэта ніякай пакуль няма.

Паводле Аляксандра Цагельніка, у 2018 годзе тэхагляд прайшлі 1 млн 239 тыс. аўтамабіляў, а ў 2013-м, да ўвядзення дзяржпошліны, – 1 млн 869 тыс., гэта на 34% менш у параўнанні з 2013-м. Аўтамабіляў, відавочна, за гэты час менш у Беларусі не стала.

***

Пра вынікі аперацыі Дзяржаўтаінспекцыі «Дзяржаўны тэхагляд», што прайшла па ўсёй краіне з 7 па 17 жніўня, на брыфінгу ў Менску распавёў часовы выканаўца абавязкаў на пасадзе начальніка УДАІ МУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Цагельнік.

– Падчас штодзённых рэйдавых мерапрыемстваў выяўлена звыш 14 000 фактаў эксплуатацыі транспартных сродкаў без дазволу допуску на ўдзел у дарожным руху. У тым ліку 4 300 фактаў эксплуатацыі транспартных сродкаў паўторна цягам года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання. Больш за ўсё выяўлена ў Менскай вобласці – 2981 транспартны сродак, у Менску – 2243, у Віцебскай вобласці – 2079.

Паводле Аляксандра Цагельніка, падобныя аперацыі добра стымулююць кіроўцаў – наведванне станцый тэхагляду ў гэты час узрасло на 50 працэнтаў.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя