Лідараў прафсаюза РЭП засудзілі да чатырох гадоў „хіміі” без канфіскацыі маёмасці (абноўлена)



Лідараў незалежнага прафсаюза РЭП засудзілі да чатырох гадоў гэтак званай “хатняй хіміі”. Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік былі прызнаныя судом вінаватымі ва ўхіленні ад падаткаў. Абвінавачаныя не прызналі сябе вінаватымі і заявілі пра намер абскардзіць гэты прысуд. Кажа старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч:

Безумоўна, мы будзем абскарджваць гэты тупы прысуд, бо ён не адпавядае рэчаіснасці. Чаму ўлада так баіцца РЭП? Вось напалохалі мы яе, што ніяк не можа супакоіцца. Ну, нічога, хай дрыжыць. Будзем глядзець, будзем абскарджваць. І не толькі ў сваіх судах. На міжнародным узроўні гэтыя пытанні будуць паднятыя – і ў Жэневе, і ў Бруселі. Мы яшчэ пазмагаемся.

Суд па справе РЭП распачаўся 30 ліпеня. Фядыніча і Комліка абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў.

Праваабаронцы, якія ўважліва сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы былі здабытыя незразумелым чынам. Прысутныя сустрэлі агалашэнне прысуду воклічамі «Ганьба!». Пасля агучвання прысуду АМАП затрымаў Мікалая Статкевіча і яшчэ некалькіх чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Старшыня прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч і кіраўнік менскай гарадской арганізацыі, бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік прыгавораныя да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і без канфіскацыі маёмасці.

Акрамя таго, да ўваходжання прысуду ў сілу яны павінны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і на працягу пяці гадоў не маюць права займаць кіруючыя пасады. Такі прысуд абвясціў 24 жніўня суд Савецкага раёна Менска пад старшынствам суддзі Марыны Фёдаравай.

Суд таксама пастанавіў спагнаць з Фядыніча і Комліка больш за 47 тысяч рублёў у даход дзяржавы.

Абвінавачванне запытвала па пяць гадоў абмежавання волі для кожнага з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады на працягу пяці гадоў.

Фядыніч і Комлік прызнаныя вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК). Паводле версіі следства, у 2011 годзе яны парушылі заканадаўства аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі, а таксама дэкрэт аб атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі.

Абвінавачванне палічыла, што лідары прафсаюза РЭП выкарыстоўвалі асоб, якія не ведалі пра злачынны характар дзеянняў, для перавозкі грошай з-за мяжы, якія не рэгістраваліся ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Грошы здымаліся з рахунку ў літоўскім банку SEB. Паводле версіі пракуратуры, абвінавачаныя таксама ўхіляліся ад выплаты падаткаў, наўмысна скажаючы дадзеныя ў бухгалтарскім уліку.

У аснову абвінавачання леглі паказанні сведкаў аб праектах з замежнымі арганізацыямі, у прыватнасці з дацкім прафсаюзам 3F, за якія РЭП атрымліваў грошы.

Сваёй віны прафсаюзныя лідары не прызналі.

Выступаючы 17 жніўня з апошнім словам у судзе, Генадзь Фядыніч заявіў, што справа прафсаюза будзе мець наступствы для Беларусі на міжнародным узроўні. „Сёння гэтая справа — палітычная. Палітыкі яе адкрылі, палітыкі і будуць закрываць. І страшна тое, што праз гэтую справу хочуць паказаць нікчэмнасць, што вось такі прафсаюз і яго кіраўніцтва. Гэта ж белымі ніткамі шыта! І зрабіць ім гэтага не атрымаецца, якім бы ні быў прысуд”, — падкрэсліў кіраўнік прафсаюза РЭП.

Ігар Комлік у сваім апошнім слове назваў гэтую крымінальную справу „сфабрыкаванай” і „палітычна матываванай, накіраванай на знішчэнне адной з нямногіх, адзінай эфектыўнай, незалежнай арганізацыі, якая займаецца абаронай сацыяльных і эканамічных інтарэсаў працоўных Беларусі”.

У абарону Фядыніча і Комліка выступілі міжнародныя прафсаюзныя і праваабарончыя арганізацыі. Яны патрабавалі ад беларускіх уладаў спыніць крымінальны пераслед незалежнага прафсаюза.

БелаПАН