Лідары прафсаюзу РЭП працягваюць знаёміцца з матэрыяламі справы
Лідары прафсаюзу працоўных Радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік працягваюць знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы супраць іх.
Апошні тэрмін азнаямлення — 8 чэрвеня. Але Генадзь Фядыніч не выключе, што яны будуць хадайнічаць аб працягненні тэрміну. Таму што справа вялікая — адзінаццаць тамоў, з якіх азнаёміцца ўдалося з шасцю:
– Нам не далі магчымасці здымаць на фотаапарат тыя дакументы. Гэта вырашае кіраўнік следчай групы, але безумоўна не толькі ён адзін. Калі б далі здымаць, дык хутчэй пашла б справа. Што такое пісаць, што цябе цікавіць, гэта ж справа з 11-ці тамоў, а што такое сфатаграфаваць – гэта ж у разы хутчэй. Ёсць матэрыялы, якія першы раз бачыш, тое што экспертызы праводзілі – некалькі тамоў, што ператрусы былі – гэта ўсё там падшыта.
Асабліва ўразіла Генадзя Фядыніча лічба дапытаных у якасці сведкаў сябраў прафсаюзу РЭП — 814 чалавек, а не 550, як паведамлялася раней. Па словах Фядыніча, гэта ілюструе не спробу следчых разабрацца ў сутнасці справы, а намер запалохаць актывістаў прафсаюзу.
Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абвінавачваюцца па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Сваёй віны лідары прафсаюзу РЭП не прызнаюць і лічаць справу палітычна матываванай.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск