Лідчане пратэстуюць супраць экакатастрофы на рэках
Лідчане пратэстуюць на прыступках Лідскага райвыканкама супраць экалагічнай катастрофы на рэках Дзітва, Лідзейка і Нёман.
Ужо больш за тыдзень безперапынна працягваецца скід нечыстотаў з лідскіх палей фільтрацыі ў рэкі Дзітва і Лідзейка. Сотні тон атручанай вады зліваюцца праз калектары ў гэтыя рэчкі, а пасля ў Нёман, з-за чаго гіне ўся флора і фаўна. Жыхары Лідчыны пачалі біць трывогу яшчэ тыдзень таму, калі па рацэ пайшла брудная вада, смурод і нежывая рыба.
Увесь час звяртаюцца ў адпаведныя службы, але экалагічная катастрофа працягваецца і па сённяшні дзень. Незадаволеныя жыхары Ліды пачалі выходзіць з акцыямі пратэсту да будынка райвыканкама. Гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі „Мёртвая Дзітва”:
– Акрэсліць гэтую праблему вельмі важна, але яшчэ больш важная наша рэакцыя на гэтую праблему. Мы не можам рэагаваць нават на такія злабадзённыя праблемы. Свядома выйшлі на гэтую акцыю, каб паказаць людзям, што рэагаваць трэба, рэагаваць неабходна. Нават калі мы ў чымсьці парушаем закон таму, што гэта экалагічная катастрофа. Гэта трэба вырашаць, калі мы не будзем вырашаць сёння, то заўтра ўжо будзе позна.
У сваю чаргу, лідскія камунальшчыкі і санэпідэмслужбы свядома ўводзяць грамадзян у зман. Тлумачачы праз мясцовыя сродкі масавай інфармацыі, што прычынай рэзкага пагаршэння стану якасці вады ў рацэ Дзітва ды мору рыбы ў ёй, з’яўляецца гарачае надвор’е.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя