Лідчына адзначае Дзень роднай мовы



Дзясяткі дыктовак і іншых мерапрыемстваў і тысячы ўдзельнікаў. Такім чынам цягам тыдня адзначаецца Дзень роднай мовы на Лідчыне. Сярод іншага – 10-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў шэрагу ўстаноў адукацыі і культуры, канцэрты, імпрэзы і творчыя сустрэчы. Мерапрыемствы, якія распачаліся напрыканцы мінулага тыдня, будуць працягвацца яшчэ некалькі дзён.

Тое, што шматлікія беларусы бяруць удзел у агульнанацыянальных дыктоўках – гэта вельмі важна як для беларусаў, так і для Беларусі – мяркуе старшыня суполкі ТБМ у Лідзе Станіслаў Суднік:

– Калі б уся Беларусь села за гэтую нацыянальную дыктоўку, то гэта былі б не тысячы, не дзясяткі тысяч, а сотні тысяч з’яднаных адной ідэяй, што для нашага народа, нашай нацыі на дадзеным этапе вельмі і вельмі важна.

Эстафету напісання беларускай дыктоўкі прымуць сёння сябры літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”.

Тэкстам для напісання дыктовак на Лідчыне абраныя творы Янкі Брыля і урывак з прадмовы да кнігі “Эклізіяст” Францішка Скарыны, 500-годдзе друкаванай Бібліі якога плануецца шырока адзначыць у гэтым годзе.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара