„Лідскае піва” па-расейску
Судовая цяжба з Акцыянерным таварыствам „Лідcкае піва”, якое не выкарыстоўвае родную мову, дайшла да разгляду калегіі Гарадзенскага абласнога суда. Абласная судовая інстанцыя падтрымала жаданне прадпрыемства выкарыстоўваць на этыкетках лідскага піва выключна расейскую мову. Кажа Лявон Анацка:
– Дырэктар піўзавода нетактоўна адказаў мне, што беларуская мова ў 2014 годзе не выкарыстоўвалася, і ў 2015 годзе яе таксама выкарыстоўваць не будуць. Я бяру шырэй – не толькі этыкеткі, але і наглядную агітацыю, рэкламу, перапіску – усё разам. Хоць дзесьці можна ж выкарыстоўваць родную мову! А яны адказалі мне, што не выкарыстоўвалі і не плануюць.
Старшыня калегіі абласнога суда Аляксандар Калеснік, які разглядаў цывільную справу Лявона Анацкі супраць Акцыянернага таварыства „Лідскае піва”, адхіліў хадайніцтва лідчука весці судовае паседжанне па-беларуску.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя