“Лідская газета” перадрукоўвае артыкулы з прарасейскіх чарнасоценных сайтаў
“Лідская газета” рэгулярна друкуе на сваіх старонках матэрыялы з прарасейскіх чарнасоценных сайтаў. Штотыдзень на яе старонках з’яўляюцца матэрыялы пра беларускую грамадскую супольнасць, грамадскіх актывістаў, незалежныя СМІ.
Апошні з такіх артыкулаў з элементамі абразы беларускай мовы і яе носьбітаў, які з’явіўся на мінулым тыдні, за аўтарствам Антона Быстрыцкага, стаў падставай для звароту ў мясцовы РАУС, пракуратуру і Міністэрства інфармацыі аб недапушчальнасці такіх дзеянняў з боку рэдакцыі.
Тлумачыць намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы і кіраўнік Лідскай суполкі таварыства – Станіслаў Суднік:
– Сам па сабе артыкул – пасквіль у стылі гадоў так 50 таму, які не абапіраючыся ні на якую рэальную сітуацыю, бэсціць усё беларускае. І ў тым ліку дзеячоў ТБМ. Падобныя артыкулы тут з’яўляюцца рэгулярна. Таму што “Лідская газета” з рэальнай “Лідскай газеты” ператварылася ў антыдзяржаўны і антынацыянальны лісток. Гэта значыць, адбылася поўная русіфікацыя гэтай газеты, а дзякуючы гэтым артыкулам Антона Быстрыцкага яна набыла выразнае чарнасоценнае адценне.
Па словах Станіслава Судніка, у Лідскім райвыканкаме сітуацыю, якая склалася вакол “Лідскай газеты”, ведаюць і са свайго боку прымаюць меры па яе вырашэнні. У сваю чаргу, грамадскія актывісты з Лідчыны патрабуюць разгляду гэтай справы праз суд, каб рэдакцыя патлумачыла, чаму яны перадрукоўваюць на сваіх старонках такія артыкулы.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда