Лідская пракуратура: Расследаванне па факце забруджвання ракі Дзітва адноўленае
Гарадзенскім абласным упраўленнем Следчага камітэта адмененае рашэнне Лідскага раённага аддзела аб прыпыненні расследавання крымінальнай справы па факце забруджвання ракі Дзітва.
Такі адказ атрымаў грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак пасля сваёй заявы ў Лідскі раённы аддзел пракуратуры аб правядзенні праверкі паўнаты праведзенага расследавання гэтай крымінальнай справы. Такім чынам, следства аб экалагічнай катастрофе на рэках Дзітва і Нёман, якое было прыпыненае следчым камітэтам напрыканцы мінулага года, адноўленае ізноў. Тлумачыць актывіст:
– Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь, я жыву на Лідчыне, у Лідскім раёне, і справы экалогіі нашага краю мяне закранаюць непасрэдна, як усіх нашых людзей. Следства распачатае, і будзем спадзявацца, што ўсё ж такі вінаватыя будуць знойдзеныя і справа будзе перададзена ў суд.
Нагадаем, што ў чэрвені мінулага года на рэках Дзітва, Лідзейка і Нёман адбылася экалагічная катастрофа. Як выяснілі грамадскія актывісты, крыніцаю забруджвання і ў выніку – замору флоры і фаўны гэтых рэк сталі ачышчальныя збудаванні Лідскага ЖКГ. Улады пэўны час адмаўлялі датычнасць да гэтага камунальшчыкаў, але пад ціскам грамадскасці прызналі гэты факт, пасля чаго была распачатая крымінальная справа.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя