Лідскі суд закрыў адміністрацыйную справу Вітольда Ашурка (абноўлена)



Лідскі раённы суд закрыў адміністрацыйную справу ў дачыненні да Вітольда Ашурка. Суддзя Вячаслаў Мацук спыніў адміністрацыйны працэс супраць грамадскага актывіста з-за адсутнасці складу правапарушэння падчас правядзення экалагічнага флэш-мобу ў Бярозаўцы.

Па меркаванні Вітольда Ашурка, да суда нарэшце пачало даходзіць, з якой экалагічнай праблемай сутыкнуліся жыхары Бярозаўкі. Вынік суда аказаўся для яго хоць і нечаканым, але лагічным:

– Суд падышоў узважана да гэтай справы, зрэшты судзіць было няма за што, складаць пратакол няма было за што. Чаму так адбылося, што справа дайшла да суда? Цалкам магчыма, што гэта проста вынік сітуацыі ў якой мы апынуліся цягам апошніх дваццаці год.

DSCF5467

Нагадаем, што жыхары Бярозаўкі выйшлі ў цэнтр горада ў рэспіратарных масках, такім чынам нагадаўшы пра экалагічную праблему з забруджваннем паветра шкоднымі выкідамі вытворчасці шкловаты, якая была пачатая год таму.

* * *

На гэты раз – за флэшмоб. Грамадскага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка будуць судзіць па адным і тым жа адміністрацыйным артыкуле. Яму прыйшла позва ў Лідскі раённы суд нібыта за арганізацыю флэшмобу ў Бярозаўцы.

DSCF5321

Паводле актывіста, улада чарговы раз спрабуе ціснуць на жыхароў Бярозаўкі, якія не баяцца ўголас гаварыць пра стан экалогіі ў горадзе, а зараз нават і законным спосабам:

– Суд Лідскага раёна будзе вырашаць, ці з’яўляецца мастацкі флэшмоб парушэннем закона аб масавых мерапрыемствах. Я не лічу, што можна назваць флэшмобам фатаграфаванне. Сабраліся людзі і сфатаграфаваліся. І ці можна назваць гэта масавым мерапрыемствам? У такім выпадку фоткі на вяселлі – таксама масавае мерапрыемства.

Нагадаем, што ў Бярозаўцы раней адбыўся экалагічны флэшмоб. Тады беразаўчане выйшлі ў цэнтр горада з распіратарнымі маскамі на тварах, такім чынам дэманстратыўная засцерагаючы сваё здароўе ад шкодных выкідаў вытворчасці шкловаты ў паветра.

Беларускае Радыё Рацыя, Бярозаўка