Лідскія чыноўнікі гандлявалі шэнгенскімі візамі
Следчы камітэт па Гарадзенскай вобласці завяршыў расследаванне крымінальнай справы па фактах здзяйснення карупцыйных злачынстваў намеснікам старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта і старшынёй Траццякоўскага сельскага выканаўчага камітэта.
З красавіка 2013 па сакавік 2015 названыя чыноўнікі выкарыстоўваючы сваё службовае становішча і абапіраючыся на пагаднення аб супрацоўніцтве, падпісаныя Лідскім раённым выканаўчым камітэтам з адміністрацыйнымі адзінкамі адной з еўрапейскіх дзяржаў, аказвалі грамадзянам садзейнічанне ў атрыманні шэнгенскіх візаў пад выглядам іх планаванага ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах культурнага, навукова-тэхналагічнага, гуманітарнага і спартыўнага характару .
Падобныя паслугі яны аказалі больш чым 150 асобам за што атрымалі суму ня меншую за 235 мільёнаў рублёў.
Акрамя таго, выкарыстоўваючы службовыя паўнамоцтвы, намеснік старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта ў 2013-2014 гадах некалькі разоў даваў незаконныя ўказанні пра прыцягненне працоўнага Бярозаўскага гарвыканкама да выканання без аплаты работаў на тэрыторыі дачнага ўчастка, які належыць ягонай сям’і.
Пасля апытання 300 сведак, правядзення дзесяткаў аглядаў, даследаванняў і экспертызаў следчыя сабралі доказы віны чыноўнікаў.
Абвінавачаныя ўтрымліваюцца пад вартай. Следчыя наклалі арышт на іх маёмасць на агульную суму амаль 900 мільёнаў рублёў, у тым ліку на аўтамабілі, зямельны ўчастак, грашовыя сродкі на банкаўскіх рахунках, ювелірныя вырабы.
Крымінальная справа накіраваная пракурорам для разгляду ў суд.
Беларускае Радыё Рацыя, паводле sk.gov.by