Лідзія Тарасенка пра медычны маніторангавы праект



„Госця Рацыі” – прадстаўніца Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка. Абмеркавалі з ёй стан беларускай медыцыны, умовы працы медыкаў і вялікі маніторынгавы праект, які ініцыятыва запусціла сумесна з супольнасцю „Белыя халаты”. Каля мікрафону — Алеся Вербаловіч.

РР: Ваш праект маніторынгу. Што гэта будзе?

– У траўні мы запусцілі наш чарговы праект, які як і ўсё, што мы робім, нейкім чынам звязаны з аховай здароўя Беларусі, з медыцынскімі супрацоўнікамі. Мы працуем ужо трэці год, нашы партнёры „Зубр” і „Белыя халаты”. З добрых навін, мы выйшлі трохі на іншы ўзровень арганізаванасці, унутраных працэсаў, працы з інфармацыяй. Мы разумеем, што хочам больш структуравана падысці да той інфармацыі, якая ў нас ёсць, да ацэнкі таго, што адбываецца ў нашай краіне. Нам хочацца разумець, у якім стане знаходзіцца ахова здароўя і што тэарэтычна можна было б зрабіць, калі б у нас была магчымасць палепшыць стан аховы здароўя ў краіне. Мы разумеем, што статыстыка хаваецца, што ў нас усё менш дакладных звестак, што ўсё больш вар’яцкія рэчы адбываюцца. То бок усяго за тры гады нельга было ўявіць, што мы будзем у гэтай кропцы, калі статыстыка будзе поўнасцю ануляваная і рашэнні будуць прымацца „іменем цара”, без нейкага рэферэнса да рэальнасці. Наша задача, па-першае апісаць сітуацыю, якая адбываецца, а па-другое, неяк яе выкарыстоўваць для прыняцця нейкіх рашэнняў. Мы разумеем, што цяпер грамадства практычна разбурана, людзі не вераць у поспех любой дзейнасці. Прапаганда наверх на ўсё гэта яшчэ стварае скажоную рэальнасць таго, што адбываецца, спрабуючы неяк убаюкаць свядомасць, каб не верылі сваім вачам, а таму, што паказваюць па тэлевізару. Вось з гэтым мы неяк спрабуем змагацца. У межах праекта мы звяртаемся да медработнікаў, каб яны дзяліліся з намі інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў шпіталях у плане недахопу абсталявання, лекаў, у плане немагчымасці выконваць пратаколы лячэння, у плане нейкіх глупых, ідыёцкіх адміністратыўных распараджэнняў, якія адміністрацыя зверху навязвае. Да пацыентаў мы звяртаемся з просьбай, каб з намі дзяліліся інфармацыяй адносна праведзенага лячэння. Калі вы ляжалі ў шпіталі і ў вас ёсць эпікрыз, то мы просім дзяліцца з намі фотаздымкамі такіх эпікрызаў, папярэдне канешне схаваўшы асабістыя дадзеныя. Уся гэта інфармацыя будзе аналізавацца і мы па некаторых, на жаль далёка не па ўсіх паказчыках працы сістэмы аховы здароўя, зможам зрабіць нейкую абагуленую выснову. Мы зможам стварыць больш поўную карціну, мы зможам апераваць да гэтых дадзеных, як найлепшых статыстычных дадзеных, якія ў нас ёсць. Прынамсі не верыць на слова і прадметна даказаць, што чыноўнікі нам хлусяць, ад аховы здароўя ў прыватнасці. Мы не будзем публікаваць ніякіх канкрэтных кейсаў.

Гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Як зазначыла Лідзія Тарасенка, на стан беларускай медыцыны могуць уплываць такія структуры, як Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Фонд медычнай салідарнасці працуе з імі, каб паказаць праз дадзеныя маніторынгу беларускую рэчаіснаць.

Беларускае Радыё Рацыя