Лідзію Ярмошыну апыталі ў межах крымінальнай справы блогера Ціханоўскага



Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына прызнаная пацярпелай у межах крымінальнай справы блогера Сяргея Ціханоўскага.

„Мяне выклікалі ў Следчы камітэт для дачы паказанняў, — паведаміла Ярмошына БелаПАН. — Гэта было неўзабаве пасля напісання заявы, тыдні два таму. Прызналі пацярпелай”.

Паводле яе слоў, у Следчым камітэце яна гаварыла тое ж, што раней на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама. „Я казала тое ж самае, што ўжо ўсе чулі — што спадар Ціханоўскі пагражаў прыйсці да мяне дадому без маёй згоды, што з’яўляецца націскам і пагрозай маёй бяспецы”, — расказала Ярмошына.

Аўтар youtube-канала „Краіна для жыцця” гамяльчанін Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня ў Гародні на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне яго жонкі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. Падчас пікета адбыўся інцыдэнт з удзелам міліцыянераў, адзін з якіх упаў. МУС заявіў аб распачынанні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. 4 чэрвеня падчас начнога вобшуку на лецішчы ў маці Ціханоўскага было знойдзена 900 тысяч долараў.

9 чэрвеня Следчы камітэт паведаміў, што Ціханоўскаму і яшчэ сямі грамадзянам выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Дзеянні аднаго з іх дадаткова кваліфікаваныя паводле арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).

16 чэрвеня стала вядома, што ў дачыненні да Ціханоўскага распачатая новая крымінальная справа — паводле арт.191 КК (перашкода выбарам).

На пасяджэнні ЦВК 4 чэрвеня Лідзія Ярмошына паведаміла, што папрасіла СК праверыць, ці няма ў выказваннях Ціханоўскага пагроз у яе адрас. „Ідуць пагрозы нават мне, — сказала яна. — Гэта я кажу для тых, хто лічыць гэтыя пікеты мірнымі (пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. — БелаПАН.). Што азначае надпіс на пікеце спадарыні Ціханоўскай са словамі „прыхлопнуць”? Ну і далей абразлівая мянушка мяне. Прыхлопнуць — гэта слова-сінонім „забіць, знішчыць”. Гэта пагроза, прамая пагроза, якая ўжо напісаная на пікеце па зборы подпісаў. Гэта мірны пікет?”

Ярмошына таксама прывяла ў якасці прыкладу выступленне Ціханоўскага ў Магілёве 27 траўня. „Цытую з інтэрнэт-рэсурсаў: „Мы хутка збіраемся ў Шклоў, у Александрыю пікеты праводзіць. Гэта зразумела, хоць там ніхто і не жыве (маецца на ўвазе рэзідэнцыя), але правядзем. І каля дома Лідзіі Ярмошынай у Мінску будзе выдатны пікет таксама. Заадно ўсе зойдзем у госці, гэта мы можам”. Зойдзем у госці да чалавека, які не чакае і не запрашаў? А калі зойдзем, то як — прымусова? Гэта ўжо ўварванне ў жыллё. Гэта пагроза дзеяннем у сувязі з выкананнем мною прафесійных абавязкаў”, — заявіла Ярмошына.

Артыкул 191 КК у ліку іншага прадугледжвае адказнасць за перашкоду працы Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме або камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата, здзейсненае з прымяненнем гвалту, пагрозы, падману, подкупу ці іншым спосабам.

Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае грамадскія работы, або штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Тое ж дзеянне, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, караецца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленнем волі да пяці гадоў.

Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага і яго паплечнікаў палітвязнямі. У абарону блогера выказаліся Еўрапейская служба знешніх дзеянняў і Еўрапарламент. Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала беларускія ўлады да „максімальнай стрыманасці”, а ЗША, ЕЗ і Вялікабрытанія — прыняць меры для „правядзення мірных, свабодных і справядлівых выбараў”.

belapan.by