Ліквідатар ЧАЭС: У нейкай ступені я ведаў, што гэта такое
Сёння – 35 гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Для Беларусі наступствы найвялікшай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва аказаліся самымі цяжкімі. На тэрыторыю краіны прыпала 70% усяго радыеактыўнага забруджвання.
Ліквідатар з Пінска Юрый Кавалевіч узгадвае, што яму давялося патрапіць у Чарнобыль з другога разу ў 1988 годзе:
– Я афіцэр запасу. Мне пазванілі дамоў 2 траўня і сказалі сядзець дома і з дому не выходзіць, чакаць. Вось я тыдзень сядзеў дома, нават на працу не хадзіў. Была такая ўмова. Затым далі адбой. І мяне прызвалі ў Чарнобыль, прынеслі павестку 12 красавіка, 14 красавіка я быў ужо там. Гэта быў ужо 1988 год. У нейкай ступені я ведаў, што гэта такое. Калі я служыў тэрміновую службу ў нас была асобная спецыяльная падрыхтоўка хімічнай абароны.
Дарэчы няма дакладнай колькасці чалавек, якія з 1986 года па 1992 год былі задзейнічаныя ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У большасці крыніц, гэтая лічба вагаецца ў межах 500-600 тысяч жыхароў былога Савецкага Саюзу, але шэрагам даследчыкаў называецца і большая колькасць ліквідатараў.
Беларускае Радыё Рацыя