Ліквідацыя леташняга буралому ў Беларусі абышлася ў 80 млн еўра



Ліквідацыя леташняга буралому ў Беларусі абышлася ў 80 млн еўра, паведаміў 13 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч.

Ён нагадаў, што ліпеньскія ўраганы 2016 года ўпершыню прывялі да такога маштабнага пашкоджання лесу не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе — і па плошчы (16 тыс. га) і па аб’ёме (7 млн кубаметраў). Амельяновіч адзначыў, што найбольшыя пашкоджанні прыйшліся на Менскае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне — 2,9 млн кубаметраў на плошчы больш за 11 тыс. га. Больш за ўсё пацярпелі Смалявіцкі і Чэрвеньскі лясгасы. У Смалявічах плошча пашкоджання ляснога фонду склала больш за 6,4 тыс. га з запасам драўніны 1,6 млн кубаметраў, у Чэрвеньскім лясгасе — 3,1 тыс. га (793,1 тыс. кубаметраў). У Бараўлянскім спецлясгасе пацярпела 400 га лесу, у Бярэзінскім — амаль 300 га, у Менскім — 200 га. У Віцебскай вобласці пацярпелі Аршанскі і Талачынскі лясгасы, у Гомельскай вобласці самыя вялікія пашкоджанні былі ў Мазырскім лясгасе.

„Мы з гэтай бядой справіліся на працягу дзесяці месяцаў, і да 1 траўня асноўныя работы былі праведзены. Самае галоўнае, што на разбураных плошчах быў адноўлены лес, пасаджаны новы на плошчы 12,5 тыс. га”, — сказаў міністр. Ён адзначыў, што 1 верасня аб поўным завяршэнні работ было паведамлена Аляксандру Лукашэнку.

Міністр параўнаў маштабы леташняга буралому з нядаўнім ураганам у Польшчы. „Нашы калегі прыязджалі пераймаць наш вопыт па ўборцы вялікай колькасці драўніны. 13 жніўня ў іх таксама прайшоў ураган, які прынёс трохі большыя, чым у нас, разбурэнні. Польскія лесаводы заявілі, што ім для ліквідацыі спатрэбіцца 250 млн еўра. Паводле нашых падлікаў, на ліквідацыю нашых наступстваў плюс лесааднаўленне, рамонт лясных дарог, мы выдаткавалі каля 80 млн еўра, а аб’ёмы амаль аднолькавыя”, — адзначыў Амельяновіч.

belapan.by