Лілія Кобзік: Ідзе працэс “пераварвання” палітычнай сітуацыі, якая склалася ў Расеі
Як адаб’ецца банкруцтва буйных расейскх тураператараў на беларускіх турыстах? Пра гэта Улад Грынеўскі гутарыць з Ліліяй Кобзік – галоўнай рэдактаркай газеты «Туризм и отдых».
Лілія Кобзік: Лічбы зараз удакладаняюцца, бо кожны дзень сумныя навіны ідуць, чуткі, што “той можа збанкрутаваць, а гэты дакладна абанкроціўся”. Зараз у ратацыі каля дзясятка фірмаў, турысты якіх ці апынуліся пад пагрозай, ці могуць апынуцца перад пагрозай. А для турызму вельмі важныя гэтыя пагалоскі, гэты імідж. Таму, канечне, сітуацыя складаная. Нельга тут казаць, што беларускія аператары не рэкамендуюць карыстацца паслугамі расейскіх турфірмаў. Гэта немагчыма, бо ў нас расейскі турбізнес прадстаўлены тут у Беларусі. У нас ёсць прадстаўніцтвы, якія працуюць стала. Шэраг расейскіх кампаній з першай пяцёркі рэйтынгавай расейскага турбізнесу, туры якіх прадаюць беларускія тураператары. Гэтыя расіяне маюць чартарныя ланцужкі ў Менску. Таму нельга казаць: “Гэтым не карыстайцеся”. Такіх рэкамендацыяў няма. Але ёсць рэкамендацыі не карыстацца турамі з вылетамі з Масквы. Разумееце, Расея, расейскі рынак – гэта агромністы вал, трафік пуцёвак. І там немагчыма адсачыць сітуацыю, якая фірма – піраміда, якая фірма зараз завязаная на расейскіх сілавікоў ці чыноўнікаў, якім забаранілі вылятаць на замежныя курорты. Адсачыць гэтую сітуацыю немагчыма. Тут пільнуюць сітуацыю. Ёсць так званыя “кіты” – тры, чатыры, пяць фірмаў расейскіх. Калі бы яны ляснуліся, гэта азначала бы поўны разгром і катастрофу такога сегменту як турызм у Расеі. Пакуль такога не адбываецца. Пакуль ідзе працэс “пераварвання” палітычнай сітуацыі, якая склалася ў Расеі – таго іміджу, таго страху, тых фобій, якія займелі расейцы на фоне тых падзеяў, якія адбываліся ў сувязі з украінскай сітуацыяй. Спачатку гэта такія ўра-патрыятычныя настроі (і мы ведаем, што яны працягваюцца), але на гэтым фоне страшна выязджаць за мяжу, ёсць страх атрымаць альбо не атрымаць візу, ёсць адмова выязджаць за мяжу. Ёсць падзенне гэтага попыту, і як следства – банкруцтва тых аператараў, якія будуюць сваю бізнес-схему ў Расеі на агромністых патоках. У нас такіх аператараў нават няма. Нават тыя расіяне, якія будуюць тут свой бізнес, з-за нашых асаблівасцяў – стабільнасці нашай глебы, нашага рынку, неагромністых фінансава-крэдытных схемаў, бачаць сітуацыі, якія можна пільнаваць.
РР. Давайце параім нашым слухачам, калі яны збіраюцца ў адпачынак: на што варта глядзець, каб сапраўды не патрапіць у нейкую турыстычную фірму, якая можа з-за гэтых санкцыяў адносна Расеі, абанкроціцца.
Лілія Кобзік: Калі мне задаюць такое пытанне, то звычайна, чакаюць пачуць: “Не лятайце з Масквы”. Але ёсць людзі, якія ўжо набылі пуцёўкі. А чаму яны набылі? Таму што там кошты зусім іншыя – не такія дарагія, як з Менску. Ёсць людзі, якія хоуць у адпачынак і яны гатовыя рызыкаваць. Сітуацыя такая: паколькі грошай вялікіх няма і ніколі іх у беларусаў не было, то, па-першае, беларусы ездзілі адпачываць у Крым. Крым – быў першы радок у рэйтынгу нашых выездаў. Па-другое, бралі пуцёўкі з вылетам праз Маскву, Кіеў, Варшаву, а таксама краінаў Балтыі. Гэта нашая сітуацыя, якая склалася не ад добрага жыцця. Але маем, што маем. Таму даваць парады гэтым людзям… Кожны думае: а можа мяне праміне. Таму тут разлік можа быць толькі на самога сябе. Калі чалавек бярэ абсалютна танную пуцёўку з Масквы, ён павінен проста быць гатовы да таго, што гэта нечым кепскім скончыцца. Безумоўна тым, хто выязджае з дзеткамі на адпачынак, на сямейны адпачынак, хто не хоча рызыкаваць, можна не ездзіць адпачываць – да канца сезону засталося мала. Хаця ўсё гэта адбылося на піке сезону, нават на спадзе – усё што магло быць выкуплена, – выкупілі. Таму – ўсё ўжо здарылася. І будзе ўсё гэта вылазіць, і будзем мы ўсё гэта яшчэ чуць. І пра банкруцтва будзем чуць. І ўсё гэта будзе адбівацца і на беларускім рынку, бо ў нас шмат маленькіх агенцтваў, якія адмыслова адчыняліся пад танныя маскоўскія туры.
РР. Зараз я знаходжуся на вашым сайце www.tio.by і чытаю, што з-за “Лабірынту” дзясяткі беларусаў “застралі” у Егіпце, Турцыі, Тунісе ды Балгарыі і будуць з праблемамі вяртацца. Гэтым людзям чым запомніцца адпачынак?
Лілія Кобзік: Некаму гэты адпачынак запомніцца тым, што ўсё ж такі прыйшлі на дапамогу. Часткова ў Расеі страхавая кампанія зможа зняць гэтую праблему, часткова – нашы аператары – могуць забраніраваць, працягнуць нумар – часткова гэтыя праблемы будуць знятыя Але некаторыя людзі ўжо ў настолькі падвешаным стане, што ім вельмі цяжка. Турызм – гэта такая сфера, ад якой мы чакаем спаўнення мары. Чакаем добрага пачатку, добрага фіналу. Чакаем, што адпачынак пройдзе ў ружовым святле. І калі раптам нешта такое здараецца… Вось пабачыце – тое, што адбываецца ў Расеі адаб’ецца на нашым імкненні вандраваць. Гэтае імкненне апошнімі гадамі расло. Былі крызісы валютныя, былі спады, але ўсе гэтыя дваццаць гадоў імкненне вандраваць расло. Мы бачым, што зараз адбываецца ў Расеі, а ў нас – тое самае. У расіян зніжаецца імкненне да вандровак. Яны адчуваюць сябе іншымі ў свеце. Тое самае і ў нас. Калі мы чуем, што на курорце дрэнна, што можна і застацца, што нешта можа адбыцца, што людзі сядзелі ў аэрапорце – гэта ўсё называецца імідж. Імідж турыстычных вандровак. Імідж самога турызму. Чалавек будзе выбіраць: што яму рабіць летам? Ён падумае: можа яму адпачываць у нас, хаця ў нас асабліва няма дзе адпачываць – не набудавалі столькі.
РР. У інтэрнеце распаўсюджваўся ролік пра тое, як былі праблемы з пералётамі ў Расеі. Я добра памятаю ролік, дзе ў маскоўскім аэрапорце руская “дзевачка” крычыць нецэнзурнымі словамі: “Я хачу ў Барселону, я хачу адпачываць!” Няўжо вось гэтым скончыцца турыстычнае лета 2014 года? Ці можна яшчэ спадзявацца на нейкі лепшы паварот?
Лілія Кобзік: Усё гэта вельмі кранальна і жорстка выглядае і дзіўна. Усё ж такі гэта сучаснасць – 21 стагоддзе. І каб чалавек не мог выехаць, не мог здзейсніць сваё простае права… Разумееце, гэта права, якое проста дадзенае нам ад пачатку – права распараджацца сабою, выязджаць ці заязджаць. І я бачу, што гэты махавік раскручваецца. Гэта толькі першы этап. Пакуль што няма ніякіх перспектываў казаць, што заўтра гэта ўсё схлыне, што больш банкруцтваў не будзе, усё супакоіцца. Яно не можа супакоіцца, бо не вырашаныя фундаментальныя праблемы, з якіх увогуле і паўсталі гэтыя праблемы.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Аляксея Супруна marketing.by