Лілія Кобзік: Імідж Крыма для турыстаў сапсаваны



Турыстычны эксперт Лілія Кобзік распавядае, што для беларусаў адпачынак у Крыме па-ранейшаму застаецца непрывабным.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у першым паўгоддзі скарацілася (у параўнанні з мінулым годам) колькасць турыстаў, якія наведалі Крым. Беларусы – не выключэнне, яны працягваюць ігнараваць адпачынак на гэтым паўвостраве.

Лілія Кобзік: Нашы турысты паводзяць сябе гэдак жа, як і ў мінулыя два гады – няма турыстычнага наплыву ў Крым. Ёсць некая невялікая плынь індывідуальных турыстаў, і маюцца некаторыя фірмы, якія ўсё-такі прапаноўваюць крымскі адпачынак. Але гэта больш разлічана на аматараў, а на не на масавага турыста. Таму што ехаць адпачываць у Крым праз Расею – гэта даволі пакутліва.

РР: Нязручна і дорага?

Лілія Кобзік: У першую чаргу – нязручна, бо сама дарога з улікам паездкі праз Расею па выдатках, можа быць, і не вельмі павялічвае суму пакета. Крымскія кошты таксама не надта павялічыліся ў параўнанні з ранейшымі гадамі. Напрамак ўсё-такі стараецца заставацца бюджэтным. Іншая справа, што ў Крым вельмі нязручна дабірацца турысту і, да таго ж, імідж у плане простага напрамку таксама сапсаваны. Таму, паўтаруся сёння крымскі накірунак разлічаны толькі на аматараў.

Кастусь Заблокі, Беларускае Радыё Рацыя