Лілія Кобзік: Кожны цягне коўдру на сябе
Галоўны рэдактар выдання “Туризм и Отдых” Лілія Кобзік распавядае, як краіну дзеляць на бязвізавыя зоны.
Бязвізавая зона можа быць у бліжэйшы час створана ў Браслаўскім раёне, і такая ініцыятыва агучана пры абмеркаванні дзяржаўнай праграмы “Беларусь гасцінная”.
Нагадаем, што ў Беларусі ўжо ёсць такі вопыт. Замежныя турысты могуць без афармлення візы наведваць Аўгустоўскі канал. З просьбай адкрыць бязвізавую зону звярнулася таксама Берасцейская вобласць.
Лілія Кобзік: Калі іншыя краіны хацелі развіваць уязны турызм, яны проста прыбіралі візы. Хаця ў Францыю і з візай турысты паедуць, там ёсць што паглядзець. Беларусь тут параўноўваць нават нельга, але ж бязвізавы ўезд у нас дзейнічае толькі ў аэрапортах. Хаця многія едуць паглядзець краіну на сваіх машынах, на цягніках. Але Беларусь адкрываецца для турыстаў нейкімі рэгіянальнымі кавалкамі. Справа дайшла да анекдатычных выпадкаў. Ля Гародні, дзе дзейнічае бязвізавы рэжым, ёсць аб’язная дарога. І каб праехаць па ёй, трэба патрапіць на тэрыторыю сельсавета, дзе віза патрэбна. Турыст можа пра гэта і не ведаць, але, тым не менш, ён ужо аўтаматычна становіцца парушальнікам мяжы. Дзякуй Богу, што беларускія памежнікі пакуль не дадумаліся лавіць гэтых турыстаў ды караць.
РР: Чаму сёння краіну вырашылі дзяліць на бязвізавыя зоны такімі кавалкамі?
Лілія Кобзік: А таму што ў нашых чыноўнікаў няма ўзгодненасці. Калі вы вырашылі развіваць турыстычны накірунак, дык дайце зялёнае святло ўсёй краіне – адмяніце візы. І не толькі ў аэрапорце. А ў нас кожны цягне коўдру на сябе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя