Лілія Кобзік: Турбізнес не ў паніцы, але ў роспачы
Турыстычны эксперт Лілія Кобзік распавядае пра тое, як дэвальвацыя беларускага рубля адбілася на працы турыстычных кампаній.
Лілія Кобзік: Дэвальвацыя ўскладніла працу турфірмаў. Не сказаць, што турыстычны бізнес у паніцы, але ў роспачы. Турызм – гэта не той прыярытэт, які стаіць у людзей на першым месцы, таму складаней удвая. Турфірмы бачаць, што рэальна могуць папаўзці ўверх кошты, таму што яны вымушаны закладаць у кошт пуцёвак рызыкі. Той самы канверсійны курс. Ён быў два адсоткі, а зараз трэба закладваць дзесяць. Значыцца, кошты на туры будуць падвышацца.
РР: Кажуць, што турыстычны рынак у гэтым сезоне і так слабы. Гэта праўда?
Лілія Кобзік: Аб’ём турыстаў і праўда зменшыўся. Значыцца, у далейшым людзі будуць яшчэ менш купляць пуцёўкі. Хоць куды ўжо менш!? У гэтым сезоне купілі на 50 адсоткаў менш пуцёвак, чым у мінулым. А 50 адсоткаў – гэта ўжо падзенне рынку. Мы пайшлі ўслед за Расеяй, дзе такія ж лічбы. І ў такіх неспрыяльных умовах яшчэ і нацыянальная валюта дэвальвуецца. Гэта негатыўна адбіваецца на продажах, на планах турфірмаў.
РР: Але турыстычны сезон заканчваецца…
Лілія Кобзік: Заканчваецца летні турыстычны сезон, але ўжо падступае сезон, калі людзі купляюць пуцёўкі на зіму – на гарналыжны адпачынак, экскурсійныя і навагоднія туры. А як зараз нешта прапаноўваць, калі недарэалізаванымі засталіся яшчэ летнія праграмы? І невядома што з імі будзе. Трэба купляць блокі ў партнёраў на зімні адпачынак, а за якія грошы? Няма рэсурсаў. Некаторыя кажуць нават, што турызм можа пераўтварыцца ў хобі для турыстычных кампаній. Рынак звужаецца ў фармат хатняга – толькі для сваіх кліентаў. Ён не мае магчымасцей расці і планаваць сябе. Сітуацыя кепская. Абвал рубля дрэнна адаб’ецца на розных сферах, але асабліва дрэнна – на турызме. Хоць беларусы ад раней набытых пуцёвак не адмаўляюцца. У Расеі іншая сітуацыя. Там народ вяртае турпуцёўкі і кажа: не да адпачынку, сям’ю б пракарміць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя