Ліміт „22 еўра — пасылка, 300 — увоз” будзе з 14 красавіка



Прычынай узмацнення жорсткасці лімітаў бяспошліннага ўвозу тавараў з’явілася значнае павелічэнне аб’ёмаў увозу тавараў у камерцыйных маштабах у адрас фізічных асоб без выплаты мытных плацяжоў.

Пра гэта распавёў намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Уладзімір Арлоўскі ў праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ.

Прадстаўнік ДМК прывёў статыстыку аб’ёмаў увезеных у Беларусь міжнародных паштовых адпраўленняў.

«90% жыхароў Беларусі не атрымліваюць пасылкі. Больш за 250 тысяч беларусаў атрымлівалі каля 10 пасылак у год, а 2,5 тысячы беларусаў — больш за 100», — адзначыў ён.

Арлоўскі таксама падкрэсліў, што ліміт «22 еўра — пасылка, 300 — ўвоз» аналагічны норме, якая прымяняецца ў шэрагу дзяржаў — членаў Еўрасаюза. «Гэта практыка ў Еўрасаюзе. У большасці краін ЕС усталявалі нормы ў 22 еўра для бяспошліннага ўвозу ў таварах, што перамяшчаюцца пры дапамозе міжнародных паштовых адпраўленняў. Гэта такія краіны як Германія, Італія, Чэхія. Больш за тое, ёсць нормы больш жорсткія — у Кітаі ўсяго 7 еўра. У асобных краінах — Францыі, Швецыі наогул няма бяспошліннага ўвозу, любая пасылка мае на ўвазе выплату падатку», — падкрэсліў ён.

Намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта таксама агучыў дату, калі ўказ прэзідэнта №40 ад 11 лютага 2016 года ўступіць у сілу.

«Гэта адбудзецца 14 красавіка гэтага года», – распавёў ён. Ён адзначыў, што двухмесячны тэрмін паміж апублікаваннем ўказа і уступленнем яго ў сілу зроблены для таго, каб беларусы змаглі без выплаты пошлін атрымаць замоўленыя тавары.

nn.by