Рух салідарнасці „Разам” заклікае прызнаць Бандарэнку палітвязнем (абноўлена)
Рух салідарнасці „Разам” звярнуўся да беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый з просьбай прызнаць зняволенага праваабаронцу, былога кіраўніка арганізаыі „Платформ Іннавейшн” Андрэя Бандарэнку вязнем сумлення.
Гэтая арганізацыя займалася маніторынгам сітуацыі ў месцах зняволення, а таксама даследавала выпадкі міліцэйскага cамаўпраўства.
Па меркаванні кіраўніка Руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка, гэта і стала прычынай пераследу і асуджэння кіраўнікоў „Платфом Іннавейшан” Міхаіла Жамчужнага і Андрэя Бандарэнкі. „Таму ад пачатку іх пераследу мы прызнавалі іх палітвязнямі”, — сказаў Сіўчык
– Мы робім усё магчымае, каб сапраўды ў гэтай справе не перамагалі спецслужбы Лукашэнкі, а была падтрымка мужнага чалавека, які сёння знаходзіцца ў турме. Вельмі добра, што не толькі Рух салідарнасці “Разам” лічыць Андрэя Бандарэнку палітвязнем. Я нагадваю, што і шмат хто з лідараў беларускай апазіцыі падпісваў такія заявы.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Таму ёсць спадзяванні, што разам у нас атрымаецца дамагчыся адэкватнай рэакцыі беларускіх і міжнародных праваабаронцаў на справу Андрэя Бандарэнкі, – сказаў Вячаслаў Сіўчык.
* * *
Ліставанне зняволенага праваабаронцы, былога кіраўніка арганізацыі „Платформ Іннавэйшн” Андрэя Бандарэнкі жорстка абмежавана.
Ён зараз адбывае пакаранне ў камеры-адзіночцы ў Магілёўскай турме №4. Працяглы час ні ад яго, ні яму амаль не даходзіла карэспандэнцыя. Па словах бацькі зняволенага, Валерыя Бандарэнкі, ён даведаўся пра гэта падчас нядаўняй тэлефоннай размовы з сынам, першай за працяглы час. А днямі Андрэя Бандарэнку наведаў адвакат.
– Быў адвакат, ён абураны, бо лісты са скаргамі па пакараннях да яго не даходзілі. За два месяцы адвакат не атрымаў ніводнага ліста ад Андрэя. Ён будзе пісаць скаргі.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
З-за блакады перапіскі зняволены правааабаронца не мае магчымасці абскардзіць спагнанні, якімі ён быў пакараны раней. Таму, па словах Валера Бандарэнкі, яго сын дабіўся сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі турмы. Па словах бацькі зняволенага, яна адмаўляе сваю датычнасць да праблем з перапіскай і вінаваціць у гэтым пошту. Тым не менш, Андрэю Бандарэнку паабяцалі, што больш праблем з ліставаннем у яго не будзе.
Нагадаем, што Андрэй Бандарэнка асуджаны па трох частках артыкула Крымінальнага кодэксу 339 „Хуліганства” на 4 гады зняволення. Па амністыі тэрмін яму быў скарочаны на 1 год.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org
