“Лісты палітвязняў: ад 1996 года да нашых дзён”
У Гомелі стартавала фотавыстава “Лісты палітвязняў: ад 1996 года да нашых дзён”. Адкрывалі выставу праваабаронца Паліна Сцепаненка і былы палітвязень і праваабаронца Алесь Бяляцкі. У аснове выставы – лісты палітвязняў з-за кратаў, а таксама лісты ў іх падтрымку.
Праваабаронца Паліна Сцепаненка распавяла, што сярод герояў фотавыставы – гомельскі актывіст Юры Рубцоў.
– За 22 гады ў нас больш за 200 палітвязняў. Паказаць усё гэта на выставе было немагчыма. Таму мы спыніліся на асобных кропкавых справах, якія тычацца і свабоды слова – гэта справа Мажэйкі, Маркевіча, гэта перформанс Пушкіна, незалежныя назіральнікі ў 2006 годзе, Плошча-2010, Алесь Бяляцкі і тыя людзі, якія цяпер сядзяць: гэта і Міхаіл Жамчужны, і Зміцер Паліенка.
Выстава будзе дзейнічаць у грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палеская, 52 да 5 траўня, пасля чаго накіруецца ў Бабруйск.
[Not a valid template]
Былы палітвязень і праваабаронца Алесь Бяляцкі прэзентаваў гомельцам сваю кнігу “Халоднае крыло радзімы”. У выданне ўвайшлі занатоўкі, эсэ і інтэрв’ю, падрыхтаваныя падчас зняволення праваабаронцы. Алесь Бяляцкі ўзгадвае, што падчас знаходжання ў калоніі атрымліваў лісты падтрымкі ад гомельскіх актывістаў.
– Мне прыходзіла багата лістоў і паштовак з падтрымкай непасрэдна з вось гэтага офіса на Палескай, дзе мы зараз і знаходзімся, ад грамадскіх актывістаў, якія сёння былі на сустрэчы: ад спадара Судаленкі, Няпомняшчых, Кацоры, Паплаўнага. Прыемна, што мы яшчэ не склалі рукі і працягваем сваю грамадскую дзейнасць па мерах магчымасці. І наша праца не была дарэмнай – яна дасць свой плён.
Праваабаронца і арганізатар сустрэчы Леанід Судаленка гаворыць, што Гомель – не чужы горад для Алеся Бяляцкага.
– Гомельскі рэгіён – наогул яго малая Радзіма. Тут ён нарадзіўся, у Светлагорску закончыў школу, пяць гадоў вучыўся ва ўніверсітэце ў Гомелі. Таму горад для яго не чужы. Але так здарылася, што пасля таго, як ён выйшаў на волю, пасля адбыцця пакарання ў турме, ён у Гомель яшчэ не трапіў. У іншых гарадах быў, але Гомель не наведваў – у яго проста не хапіла на гэта часу. І вось якраз зараз з’явіўся час і мажлівасць прыехаць да гамельчукоў.
Прэзентацыя кнігі Алеся Бяляцкага адбылася пры падтрымцы культурніцкай кампаніі “Будзьма”.
[Not a valid template]
Поўны гук слухаце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель