Лісты салідарнасці для палітвязняў



Беларусы Познаня ў чарговы раз сабралі сяброў і замежных удзельнікаў у мясцовай галерэі «Łazęga Poznańska».

У пятніцу вечарам там прайшла акцыя Лісты Салідарнасці 2.0, удзельнікі якой падпісвалі паштоўкі беларускім палітзняволеным.

– Мы ня згодныя з цяперашняй сістэмай улады. Беларусь заслугоўвае перамен. Больш за ўсё лістоў было напісана сям’і Бабарыкі і Сяргею Ціханоўскаму, таму што гэтыя людзі абудзілі беларускі народ і паказалі, што разам мы сіла!

Сярод дваццаці ўдзельнікаў знайшліся падпісчыкі зняволенага блогера, аўтара ютуб канала «Шэры Кот» Змітра Казлова.

– Я даведаўся пра акцыю праз Фэйсбук. Напісаў паштоўку Змітру Казлову. З’яўляюся падпісчыкам канала ад самага яго пачатку.

Сваёй падтрымкай традыцыйна адзначыліся мясцовыя ўкраінцы. Пра матывацыю прыйсці і падпісаць паштоўкі гаворыць Алекс:

– Я прыйшоў на акцыю таму што лічу, што Беларусь зараз мае магчымасць расквітнець. Паўтары гады назад мы праводзілі акцыю пратэсту пад амбасадай Расеі ў Познані, і нас прыйшлі падтрымаць браты-беларусы. Цяпер я салідарны з вамі.

Агулам было падпісана і выслана 26 паштовак. Раней ініцыятыва з лістамі надзеі прайшла па шматлікіх рэгіёнах Польшчы. Познань стаў адзіным горадам, дзе акцыя адбылася двойчы. Арганізатары плануюць і надалей працягваць падобныя акцыі.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра «ВЯСНА», цяпер у Беларусі 26 чалавек прызнаныя палітычнымі вязнямі.

Стэфан Глушакоў, Беларускае Радыё Рацыя