„Лісты шчасця” атрымалі 106 тысяч жыхароў Менска
Паведамленні пра неабходнасць выплаціць так званы „падатак на дармаедства” атрымалі каля 106 тысяч жыхароў Менска.
Пра гэта ў інтэрв’ю газеце „Минский курьер” паведаміў начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Менску Андрэй Сабалеўскі.
Чыноўнік заявіў, што ад выплаты падатку ў бюджэт горада паступіла каля 2,2 мільёны рублёў. Андрэй Сабалеўскі прыгадаў, што пасля таго, як чалавек атрымаў ліст з падатковага ведамства, у яго ёсць 30 каляндарных дзён, каб даказаць, што ён мае права не плаціць так званы збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Для гэтага трэба прадставіць у раённую інспекцыю МПЗ адпаведныя дакумэнты або тлумачэнні.
З лічбаў, прыведзеных прадстаўніком Міністэрства па падатках і зборах, вынікае, што са 106 тысячаў патэнцыйных „дармаедаў” падатак пакуль заплацілі ўсяго каля 6100 чалавек.