Лісты зняволеным па палітычных матывах адправілі жыхары Віцебска
Віцебскія актывісты і проста неабыякавыя жыхары, абураныя арыштамі палітычных і грамадскіх лідараў, сабраліся на абласным галоўпаштамце.
Яны разам набылі канверты маркі, паштоўкі, а ў некаторых паштоўкі былі і самаробныя, каб накіраваць іх тым, хто зараз знаходзіцца за кратамі праз свае ідэйныя меркаванні. Лісты – гэта знак павагі і салідарнасці, лічыць блогерка Алена Янушкоўская:
– Я напісала тым, каго я ведаю, – Паўлу Севярынцу, Дзмітрыю Казлову, зараз Спарышу напішу. Гэта салідарнасць наша, беларуская! Напісала ім словы падтрымкі, што мы пра іх памятаем, любім, чакаем. Што ўсё будзе класна, і мы пераможам!
Многія з тых, хто напісаў лісты палітвязням, таксама адбывалі пакаранні “на сутках”, прысуджаныя ім віцебскімі судамі за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Адзін з іх – Аляксандр Мацяюк, які са свайго ўласнага досведу ведае, як доўга цягнецца час у зняволенні. Ён вырашыў даслаць палітвязням кнігі, а не толькі лісты:
– Пісьменнік з мяне не тое што кепскі, а ўвогуле ніякі. І каб была карысць для вязняў, я лічу, што лепей дашлю кнігі бандэроллю. Якія кнігі падабаюцца вам, тыя і можна дасылаць, а палітвязні самі вырашаць, што ім спадабаецца болей. Усе кнігі там карысныя, бо яны дапамагаюць бавіць час.
Больш за два дзясяткі лістоў людзі адправілі з Віцебска ў менскія турмы, дзе ўжо некалькі тыдняў утрымліваюць зняволеных па палітычных матывах.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск