“Litara Lex” дапамагае беларусам у Грузіі



Беларускія юрысты, што пераехалі ў грузінскі Батумі, стварылі кампанію “Litara Lex”, якая дапамагае афіцыйна юрыдычна аформіцца беларусам, што жывуць на тэрыторыі Аджарыі.

Пра тое, чым займаецца гэта кампанія і якія юрыдычныя паслугі яна аказвае, распавядае Ірына, адна з заснавальніц гэтай кампаніі.

Паслугі не толькі за грошы, але ёсць і бескаштоўныя, калі мы проста дапамагаем парадамі, як людзям уладкавацца на працы, як павінны выглядаць дамовы арэнды кватэры, бо гэта вельмі патрабуецца, як павінны выглядаць дамовы на працы, калі ўладкоўваюцца нашы людзі. Зараз ёсць запыты ад нашых хлопцаў. Вось сёння звярнуўся да нас хлопец, ён скончыў у гэтым годзе ўніверсітэт, да яго прыйшлі паведамленні пра тое, што ён павінен пайсці ў армію, але ён збег.

Ірына канстатуе, што ёсць вялікая колькасць адмоваў на атрыманне статусу часовага віду на жыхарства:

Адмовы былі, і па беларусах таксама. І па тых беларусах, якія жывуць тут не спачатку вайны, якія жывуць тут ужо даўно – і год, і два, і болей нават. Справа ў тым, што ўрад Грузіі на свае гэтыя адмовы дае такія тлумачэнні, што, маўляў, чалавек знаходзіцца без важкай прычыны ў іх краіне.

На думку юрысткі, адмовы на часовы від жыхарства ў Грузіі заўсёды праходзяць праз Службу бяспекі Грузіі і менавіта яна дае адмовы, нават тым, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў у Беларусі ў 2020-21-м гадах.

Беларускае Радыё Рацыя