Літоўская выведка расказала пра невядомы пажар на БелАЭС



У штогадовай справаздачы Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы і вайсковай выведкі сказана, што БелАЭС будуюць насуперак патрабаванням міжнародных стандартаў бяспекі, піша Delfi.

«Па меры набліжэння прызначанага тэрміну запуску БелАЭС нарастае напружанне паміж адказнымі беларускімі ведамствамі, замоўнікамі праекта, і прадстаўнікамі «Росатома« – усе яны баяцца адказнасці за магчымыя інцыдэнты на пабудаванай у спешцы БелАЭС», – сказана ў справаздачы.

Паводле літоўскай выведкі, у канцы чэрвеня 2019 года «праз халатнасць дзеянняў рабочых у першым блоку АЭС, побач з рэактарам, пачаўся пажар, аднак беларускія ведамствы не паведамілі пра гэты інцыдэнт».

Пра пажар на БелаАЭС пісаў у жніўні 2019 года Telegram-канал Nexta. Пазней здарэнне пракаментаваў прэс-сакратар МНС Беларусі Віталь Навіцкі, сказаўшы, што «ніхто не засакрэчваў гэты інцыдэнт» і што «гэта не пажар, гэта было ўзгаранне распушчальніку ў пасудзіне». Пра пажар у канцы чэрвеня 2019 года ніякай інфармацыі не было.

Беларускае Радыё Рацыя