Літоўцы едуць у Беларусь: арганізатары ледзь спраўляюцца з попытам
Па дадзеных Дэпартамента турызму, за 9 месяцаў мінулага года з Літвы ў Беларусь прыехала каля 153 800 турыстаў (на 1,8% больш, чым за той жа перыяд 2015 года). Ці змяніў бязвізавы рэжым сітуацыю, стане вядома пасля з’яўлення канчатковай статыстыкі за мінулы год. Аднак арганізатары паездак заўважылі, што ўзрасла цікавасць да гэтай адзінай у Еўропе аўтарытарнай дзяржавы (не лічачы Расеі), паведамляе delfi.lt.
Дырэктар кампаніі Kelionių laikas, якая арганізуе паездкі на аўтобусе не толькі ў Гародню, але і ў старыя замкі ВКЛ, Ілона Йозэнене сказала, што заказы на такія паездкі паступаюць вельмі актыўна. Праўда, пры выбары паездкі асноўным крытэрыем для грамадзян застаецца цана, таму бязвізавыя паездкі карыстаюцца даволі вялікай цікавасцю.
„Цяпер паездкі з канца красавіка ў Гародню карыстаюцца вялікай цікавасцю, у іх ужо ўключана і наведванне Аўгустоўскага канала”, – распавяла Йозэнене. Турыстаў папярэджваюць, што за межы зоны дзеяння бязвізавага рэжыму выязджаць нельга, інакш чакаюць штрафы. На пытанне, чаму літоўцаў цікавяць туры ў Беларусь, яна адзначыла, што нядоўгія паездкі, цікавяць сваёй кампактнасцю.
Суразмоўніца абвергла міф быццам літоўцы едуць у Беларусь за пакупкамі: „Няма там такога, што нашмат танней. Па пакупкі едуць у Польшчу. Гародня цікавая тым, што за выхадны дзень можна ўбачыць тое, чаго яшчэ не бачыў, асабліва гэта цікава моладзі. Людзі старэйшага ўзросту хочуць убачыць, што там змянілася „. Гэтае агенцтва арганізуе спецыяльныя паездкі для людзей старэйшага ўзросту.
Вясной Kelionių laikas арганізуе і двухдзённыя паездкі ў Гародню, але ў іх будзе ўключана і наведванне Беластока (Польшча). Аднак, паводле слоў суразмоўцы, літоўцаў больш прыцягваюць аднадзённыя паездкі, так як кошт на іх ніжэйшы. Кіраўнік кампаніі Interlux travel Віялета Фантаніні пацвердзіла, што ў гэтым напрамку ідзе актыўны рух. Гэтая кампанія таксама арганізуе адно-і двухдзённыя паездкі ў Гародню.
„Мы заўважылі, што ёсць турысты, якія ездзяць у Гародню па 3-4 разы”, – дадала субяседніца.
Фота DELFI / Ugnė Karaliūnaitė