Літва паслабляе каранцін



Урад Літвы адмяняе шэраг абмежаванняў, якія дзеілі з-за эпідэміі каронавірусу. З 4 траўня грамадзянам краіны дазволяць выязджаць за мяжу, з 10 траўня – адновяць авіязлучэнне. Сітуацыя стабілізавался, трэба думаць, як ісці наперад – заявіў міністр аховы здароўя Літвы Аўрэліус Вярыга.

Да гэтага выязджаць з Літвы маглі толькі іншаземцы і тыя, хто працаваў у іншых краінах. Пасля адмены абмежаванняў усе грамадзяне змогуць ездзіць за мяжу. Праўда, пасля вяртання ім давядзецца прайсці двухтыднёвы каранцін.

У Літве працягваюць захоўваць сацыяльную дыстанцыю: у маркетах і на вуліцы. Плануецца, што адчыняцца ўсе гандлёвыя кропкі і дазволяць усе віды адпачынку, але людзі будуць мусяць трымаць бяспечную адлегласць адзін ад аднаго.

Жыхарам гарадоў і невялікіх населеных пунктаў дазволяць хадзіць без масак за іх межамі і ў выпадках, калі ў радыусе 20 метраў няма іншых людзей. Дапускаецца таксама не насіць маскі ў аўтамабілі, калі кіроўца і пасажыры з адной сям’і. Праўда, як будуць пільнаваць гэтыя правілы – пакуль не асабліва зразумела. Відавочна толькі, што гэта будзе функцыяй найперш паліцыі.

Шпіталі сваім парадкам пачнуць рабіць планавыя аперацыі, калі лекары вызваляцца.

Пад забаронай застануцца пакуль толькі масавыя мерапрыемствы.

На сённяшні дзень паводле афіцыйных звестак у Літве зарэгістравана 1385 выпадкаў заражэння каронавірусам.

Беларускае Радыё Рацыя