Літва ўслед за Польшчай увяла штомесячную грашовую дапамогу для дзяцей
Штомесяц сям’я будзе атрымліваць па 30 еўра за другое й кожнае наступнае дзіця.
Урад Літвы ўвёў штомесяцавую дапамогу для сем’яў з дзецьмі на ўзор польскай праграмы 500+, перадае партал onet.pl. Сям’я, будзе атрымліваць па 30 еўра на кожнае другое й наступнае дзіця. Выплаты будуць ажыццяўляцца да дасягнення дзецьмі 18 гадоў. У выпадку, калі дзеці вучацца, грошы будуць выплачвацца, пакуль ім не споўніцца 21 год. Шматдзетныя сем’і будуць атрымліваць выплаты ў 58,5 еўра. Падаваць заявы на атрыманне дапамогі можна ад 1 студзеня.
«Трэба браць прыклад з Польшчы, дзе праграма 500+ аказалася эфектыўнай. Значыць, яна спрацуе і ў нас», – заявіў намеснік старшыні кіроўнай партыі «Літоўскі саюз сялян і зялёных» Томас Тамілінас (Tomas Tomilinas). Урад заявіў, што кожны год памер выплат будзе павялічвацца і ў 2020 годзе дасягне 100 еўра.
«Сям’я 500+» – гэта праграма сацыяльнай дапамогі, якая рэалізуецца ў Польшчы з красавіка 2016 году. Заключаецца яна ў выплатах, якія атрымлівае сям’я за кожнае другое й наступнае дзіця. Памер выплат складае 500 злотых (каля 120 эўра). Мэта праграмы – паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.
Польскае Радыё