Лось пераскочыў плот і ўцёк з Беларусі ў Літву
Камеры відэаназірання на беларуска-літоўскай мяжы зафіксавалі незвычайнага парушальніка. Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта.
Нягледзячы на тое, што на асноўных сцежках міграцыі жывёл у сігналізацыйнай сістэме агароджы прадугледжаны спецыяльныя лазы, лось выпрабаваў плот на трываласць.
„Цару ляснога гушчару тэрмінова спатрэбілася перайсці ў бок суседняй краіны. Не выключана, што „парушальнік без дакументаў” сабраўся на вадапой на бліжэйшую раку Вілія. Менавіта па ёй у гэтым раёне і праходзіць дзяржаўная мяжа паміж Беларуссю і Літвой”, – распавялі ў ведамстве.
Смаргонскія памежнікі з дапамогай камер адсачылі рашучыя дзеянні „парушальніка”, для якога двухмятровая агароджа не стала сур’ёзнай перашкодай на шляху.