Лукашэнка абавязаў „Трайпл” пакрыць дзяржаўныя льготы



Кампанію „Трайпл” абавязалі вярнуць грошы, якія па суме роўныя атрыманым ад дзяржавы прэферэнцыям. Грошы пойдуць у бюджэт Менска. Пра гэта сказана ва указе ад 30 жніўня, які афіцыйна апублікаваны 1 верасня.

У 2008 годзе Аляксандр Лукашэнка даў кампаніі Юрыя Чыжа магчымасць будаваць жыллё, у тым ліку для беларускіх вайскоўцаў, і прыцягваць інвестыцыі для развіцця жыллёвай інфраструктуры ў Менску і прыгарадах. Цяпер „Трайплу” трэба будзе вярнуць суму прэферэнцый, атрыманых тады ад уладаў. Ва ўказе таксама названыя адпаведныя зямельныя участкі. Адзін з іх знаходзіцца ў ваенным гарадку „Уручча” (плошчай у 21 гектар), другі — у ваенным гарадку № 31 „Шпіталь” (больш за 4 гектары). Раней эканамічны суд Менска прызнаў банкрутам кампанію Юрыя Чыжа „Трайпл” і прыняў рашэнне аб яе санацыі. Самога Юрыя Чыжа арыштавалі ў сакавіку. Разам з ім былі затрыманыя кіраўнікі некалькіх кампаній, якія засталіся ў бізнесоўца пасля разгрому яго бізнесу. У СМІ тады пісалі, быццам крымінальная справа супраць бізнесоўца звязана са справай 2016-га года: тады яго затрымлівалі па падазрэнні ва ўхіленні ад аплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Гэта тады Аляксандр Лукашэнка распавядаў, што Чыж спрабаваў збегчы з краіны, едучы ў бок мяжы на хуткасці 200 кіламетраў на гадзіну.