Лукашэнка: Механізм адчужэння старых дамоў прапануецца удасканаліць
У Беларусі прапаноўваецца ўдасканаліць механізм адчужэння пустых і старых дамоў, паведаміў Аляксандр Лукашэнка 3 кастрычніка на нарадзе па праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса і пытаннях удасканалення заканадаўства па скарачэнні пустых і старых дамоў.
„Яшчэ адно важнае пытанне, якое я ўжо ўздымаў публічна, яно актуальнае — развіццё малых вёсак і хутароў. Колькасць пустых дамоў расце, нам неабходна стварыць умовы для эфектыўнага выкарыстання такога жылля”, — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.
Паводле яго слоў, у гэтым пытанні перш за ўсё патрэбен гаспадарскі падыход. „Гэта ў тым ліку патэнцыял для агратурызму”, — лічыць беларускі кіраўнік.
Ён нагадаў, што ўжо заклікаў усіх жадаючых — не толькі багатых людзей — не забываць сваю малую радзіму. „Калі ў кагосьці ёсць магчымасць прывесці ў парадак сваю вёсачку, пабудаваўшы там, можа быць, свой дом, гэта трэба зрабіць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
„Што тычыцца састарэлага, аварыйнага жылля, мая пазіцыя адназначная: на зямлі павінен быць парадак. Такія будынкі трэба прыбіраць і землі трэба вяртаць у абарот. Гэту працу трэба паскорыць на месцах і падвесці пад гэта нарматыўна-прававы акт, каб губернатары і мясцовыя ўлады не бегалі за людзьмі, якія кінулі сваё жыллё, але ў той жа час нібыта маюць нейкую паперку на валоданне гэтым жыллём”, — заявіў Лукашэнка.
Калі чалавек сапраўды валодае тым ці іншым жыллём, то яно павінна ўтрымлівацца ў нармальным стане, сказаў ён. „А так ён жыве недзе на Камчатцы, не бывае ў сваёй роднай хаце, якая нібыта ў яго ва ўласнасці. Яна ўжо быльнікам зарасла і нахілілася на тры куты”, — адзначыў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, прапаноўваецца ўдасканаліць механізм адчужэння пустых і старых дамоў у залежнасці ад іх размяшчэння, мясцовых умоў і асаблівасцяў. Разам з тым кіраўнік дзяржавы перасцярог, каб у гэтым выпадку не стварыць рознага роду бюракратычных бар’ераў. „Павінен быць адназначны адказ на гэта пытанне. Калі жыллё закінута, мы даем права мясцовым органам улады яго зносіць, значыць, яно павінна быць знесена. А зямлі вернуты ў абарот або прададзеныя новаму гаспадару, ці там пасеяць хлеб”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
belapan.by