Лукашэнка – міліцыі: Вы ўвасабляеце для грамадзян справядлівасць і бяспеку



Міліцыя сваімі дзеяннямі павінна ствараць станоўчы вобраз у народзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка 28 студзеня на калегіі МУС па выніках працы органаў унутраных спраў за 2015 год. «Вы павінны рабіць усё, каб спадабацца чалавеку сваімі дзеяннямі. Але не залішне ўлагоджваць кагосьці», — сказаў ён.

l3_160128-9t1b5

У якасці прыкладу Лукашэнка прывёў дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў навагоднюю ноч, калі тыя дапамагалі грамадзянам, якія празмерна ўжылі алкаголь. «Гэта значыць, па-людску, па абстаноўцы глядзіце. Усяго ў законе не прапішаш, і вы павінны дзейнічаць такім чынам, абараніць, каго трэба, дапамагчы, каму трэба», — цытуе кіраўніка дзяржавы БелТА.

«Вы ад участковага да міністра ўнутраных спраў сваёй структурай непасрэдна пранізваеце ўсё нашае грамадства. І калі б у нас была ідэальная міліцыя, у нас бы быў ідэальны парадак. Вы для нашых грамадзян — самыя блізкія прадстаўнікі закона, ўвасабляеце для іх справядлівасць і бяспеку”, — дадаў Лукашэнка.

Ён заклікаў супрацоўнікаў міліцыі аб’ектыўна і своечасова разглядаць скаргі і заявы грамадзян, раскрываць злачынствы і „вырашаць іншыя жыццёва важныя пытанні, якія часам нават не ўваходзяць у кампетэнцыю МУС”. „Таму што людзі на вас глядзяць, як на ўладу, а для ўлады няма абыякавых пытанняў, няма пытанняў, якія яе не тычацца”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Калегія МУС праходзіць на фоне скандалу вакол зьбівання супрацоўнікамі міліцыі двух грамадскіх актывістаў і журналіста. Трое маладых людзей былі збітыя 25 студзеня ў будынку суда Фрунзенскага раёна Мінска падчас слуханняў па «справе графіцістаў». Актывісты Павел Сяргей і Максім Шыцік былі з ужываннем грубай сілы выведзеныя з залы суда за тое, што разгарнулі транспарант з надпісам «Не палітычным пераследам» і скандавалі «Мастацтва не злачынства!». Тое, што адбывалася, ужо за межамі залы суда здымаў на тэлефон карэспандэнт tut.by Павел Дабравольскі. Усе трох супрацоўнікі АМАП заштурхалі ў пакой, дзе збівалі на працягу прыкладна 20 хвілін. У той жа дзень збітых асудзілі за непавагу да суда, хуліганства, непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі і пакаралі буйнымі штрафамі.

Інцыдэнт атрымаў вялікі грамадскі рэзананс, аднак ГУУС Мінгарвыканкама ў сваім камэнтары ацаніла дзеянні супрацоўнікаў міліцыі як законныя, дзеянні пацярпелых — як супрацьпраўныя, а таксама паведаміла, што па факце правамернасці ўжывання фізічнай сілы ў ГУУС Менгарвыканкама прызначаная службовая праверка.

ТАА „Тут Бай Медыя” (партал tut.by) накіравала начальніку ГУУС Аляксандру Барсукова і пракурору Мінска Сяргею Хмаруку зварот у сувязі з затрыманнем і збіваннем свайго журналіста. «Мы абураныя паводзінамі і дзеяннямі супрацоўнікаў АМАП. Перакананыя, што ніхто не мае права перашкаджаць ажыццяўленню прафесійнай дзейнасці журналіста і, тым больш, прымяняць гвалт. Яшчэ больш абуральна, калі такія выпадкі адбываюцца не ў зоне ўзброеных канфліктаў, не на масавых акцыях. У будынку суда — месцы, дзе павінна вяршыцца правасуддзе, — дзеецца беззаконне і бязмежжа», — гаворыцца ў звароце tut.by.

БелаПАН