Лукашэнка: Можам зрабіць меры такімі жорсткімі, што ў вачах пацямнее
Кантакты першага і другога ўзроўню павінны быць на самаізаляцыі, а не ў лякарнях, калі тэсты на каронавірус даюць адмоўны вынік. Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка на нарадзе аб сітуацыі з распаўсюджваннем каронавіруса, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Пры гэтым не выключыў магчымасці ўзмацнення жорсткасці патрабаванняў да тых, каго адправілі на самаізаляцыю. «Калі хочаце, давайце зробім больш жорсткімі патрабаванні да тых, каго вы адправіце на самаізаляцыю. Мы праверылі аднойчы: іх адправілі дадому, але жорсткага заканадаўчага акта няма, і 400 чалавек дома не знайшлі. Мы можам зрабіць такімі жорсткімі, што ў вачах пацямнее», – папярэдзіў Лукашэнка. На нарадзе было адзначана, што прапрацоўваецца адпаведны прававы акт.
У цэлым, адзначыў ён, большасць грамадзян праяўляе сваю свядомасць і імкнецца засцерагчы сябе ад залішніх кантактаў. «Мы нічога не забараняем, чалавек мае права сваім жыццём распараджацца сам. Але мы як дзяржава павінны дапамагчы яму абараніцца ў гэты перыяд», – падкрэсліў Лукашэнка.
Ён нагадаў, як спрабавалі адправіць на каранцін БНТУ пасля таго, як у аднаго са студэнтаў выявілі каронавірус. Да самаізаляцыі студэнты і выкладчыкі падышлі безадказна, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Вынік нулявы. Дзякуй богу, што людзі не захварэлі, – дадаў Лукашэнка. – Таму не трэба займацца не сваімі справамі. У вас сваіх спраў больш, чым дастаткова. Лячыце людзей, мы будзем вам у гэтым дапамагаць».
Паводле яго слоў, у Беларусі не аслабляюць барацьбу з віруснымі захворваннямі. Але рашэнні прымаюцца зыходзячы з сітуацыі і рэсурсаў. «Наша тактыка першапачаткова была не фронтам ісці і наступаць, і гэта не таму, што так мне захацелася. Скажу шчыра, міністр аховы здароўя часам мне казаў: давайце фронтам. Але фронту не атрымаецца, таму што мы ў іншай сітуацыі і рэсурсы ў нас іншыя. Кітай мог лакалізаваць сітуацыю і акружыць яе: у іх паўтара трыльёна золатавалютных рэзерваў і народ трошкі іншы», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка перакананы, што падобны «франтальны наступ» у цяперашніх умовах не можа прынесці карысці – толькі шкоду. «Замкнуць людзей у кватэрах, як некаторыя і ва ўрадзе мне прапаноўвалі, – гэта справа адных сутак. Заўтра ўвядзем ваенных, амапаўцаў мабілізуем – на працягу сутак нікога не будзе на вуліцы, я вам гэта гарантую. Вы лічыце, што гэта метад барацьбы? Я лічу, не», – сказаў ён. На яго думку, гэта не спыніць распаўсюджванне віруса.
«Паглядзіце, што адбываецца там, дзе паспрабавалі людзей замкнуць: нічога не атрымалася. Таму мы першапачаткова абралі (і СААЗ гэта ўхваліў) ачаговую тактыку барацьбы. Неадкладна былі аддадзеныя каманды, каб мы тэставілі людзей у аэрапортах і на мяжы. Мы ўбачылі, што гэты вірус быў завозны, таму нам трэба было там пракантраляваць, – нагадаў беларускі кіраўнік. – І мы працягваем гэтую працу, мітусіцца толькі не трэба. Трэба кожнаму добрасумленна ставіцца да сваёй працы».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу медыкаў: іх першы абавязак – лячыць людзей і, калі трэба, супакоіць грамадства, распавёўшы пра сваю працу. «Не вашыя функцыі адкрываць кагосьці, закрываць, арыштоўваць і гэтак далей. У нас ёсць каму гэтым займацца», – растлумачыў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, яму штодня дакладваюць, як развіваецца сітуацыя з распаўсюджваннем каронавірусу ў Беларусі, якая дынаміка ў іншых краінах. «Ідзе велізарная праца на ўзроўні дзяржавы. Вы займайцеся сваёй справай», – яшчэ раз падкрэсліў ён.
У Беларусі на 7 красавіка афіцыйна пацверджаны 861 выпадак інфекцыі COVID-19: шпіталізаваныя 794 чалавекі, паправіліся – 54, памерлі – 13. Смерцяў за апошнія суткі не зарэгістравана.