Лукашэнка: Не трэба замоўчваць недахопы ЦТ



Аляксандр Лукашэнка не выключае, што ў Беларусі будзе ўдасканаленая сістэма паступлення ў ВНУ. Пра гэта, паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта, ён заявіў 26 жніўня на сустрэчы з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам. Паводле слоў Лукашэнкі, ён у курсе таго, што ў краіне не ўсё ў парадку з паступленнем у ВНУ. „Да гэтага часу крытыка на цэнтралізаванае тэставанне. Крытыкуюць новую нейкую методыку — вы вынайшлі па падліку гэтых балаў. Хоць галоўнае — не балы, а веды. Усе павінны разумець, і бацькі ў тым ліку, калі ў дзіцяці ёсць веды, то па якіх балах і шкалах ні лічы, яны ўсё роўна паступяць у ВНУ. Калі ведаў няма, ніякія балы не дапамогуць”, — сказаў афіцыйны лідар.

„Скажу шчыра, што я ў апошні час, пасля таго як выслухаў многіх бацькоў (ды і ў мяне хапае вучняў у маёй вялікай сям’і, я гэтым цікаўлюся), ужо пачынаю задумвацца, атрымліваючы вялікі аб’ём інфармацыі, што нам, магчыма, давядзецца дзесьці ўдасканальваць, мякка кажучы, сістэму паступлення ў ВНУ. Больш за ўсё мяне хвалюе тое, што абітурыент, які марыць заўтра стаць студэнтам, не здае экзамены тварам да твару з экзаменатарам, з выкладчыкам ВНУ або іншых навучальных устаноў”, — заявіў Лукашэнка.

У гэтай сувязі ён успомніў час, калі сам вучыўся ў ВНУ, і адзначыў, што наўрад ці пры тэставанні яго вынік быў бы лепшы, чым пры асабістай гутарцы з выкладчыкам. Пры гэтым, падкрэсліў Лукашэнка, ён сам і іншыя студэнты з сельскай мясцовасці за гады вучобы змаглі значна прыбавіць і перасягнуць па ўзроўні ведаў многіх гараджан. „Мы даганялі ўсіх гарадскіх, упарта працавалі і працавалі. І на выпуску я з адзнакай здаваў усе іспыты, са мной не маглі гараджане канкурыраваць, як з многімі такімі ж хлопцамі”, — сказаў Лукашэнка.

„Але я баюся прымаць рашэнне, каб не памыліцца, — падкрэсліў ён. — Да гэтага трэба ўважліва ставіцца. Таму што паступаюць лепшыя дзеці з лепшых сем’яў (у пераважнай большасці). Я не баюся гэта сказаць. Там, дзе бацькі турбаваліся ўсю школу — 11 гадоў, каб дзіця паступіла ў ВНУ. Яны ўсяляк падтрымлівалі яго. Я гэта бачу на сабе, аналізуючы і працу ў нядрэннай школе, супастаўляючы ўзровень навучэнцаў. Мы можам пры паступленні ў ВНУ пакрыўдзіць вось гэту частку сем’яў, якія нясуць асноўную нагрузку ў грамадстве, з’яўляюцца вельмі ўплывовымі людзьмі і вызначаюць атмасферу нашага грамадства і цяпер, і ў будучыні. Таму мяне вельмі насцярожвае тое, што адбываецца сёння ў сістэме адукацыі пры паступленні дзяцей у ВНУ”, — сказаў Лукашэнка.

„Яшчэ раз падкрэсліваю: я не прымаю цяпер ніякіх рашэнняў, таму што ў мяне недастаткова інфармацыі”, — адзначыў ён. Гэта і іншыя пытанні будуць комплексна абмеркаваны і прынята рашэнне на нарадзе па развіцці сферы адукацыі. „Мы павінны сур’ёзна вярнуцца да пытанняў адукацыі. І на гэтай нарадзе мы павінны перш за ўсё заслухаць ваша бачанне, справаздачу Міністэрства адукацыі і іншых, хто займаецца адукацыяй, пра тое, якая сітуацыя складваецца: школы, ВНУ, падручнікі, арганізацыя сістэмы адукацыі, фінансаванне. Усе пытанні мы павінны на ўзроўні прэзідэнта разгледзець. І пажадана, калі неабходна, прыняць рашэнне, аж да цэнтралiзаванага тэставання, як удасканальваць яго”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ведаў і вопыту прымянення ЦТ ужо хапае, бачныя наяўныя недахопы. „Не трэба іх замоўчваць. Трэба прымаць рашэнне”, — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў прыкладныя тэрміны правядзення нарады — лістапад—снежань. „Трэба гэту размову пачынаць знізу. Мы збярэм у прэзідэнта людзей, якія вызначаюць аблічча нашай адукацыі. Хутчэй за ўсё, не з падачы Мінадукацыі. Нейкую частку на нараду запросіце вы, але большая частка будзе запрошана па іншай форме, каб ішла дыскусія. Павінна быць альтэрнатыва, каб былі розныя пункты гледжання. Мы іх павінны супаставіць і прыняць адпаведныя рашэнні. Гэта не павінна быць для галачкі нейкая паказушная нарада”, — сказаў ён.

„Можа быць, лепш яе правесці пасля парламенцкіх выбараў, каб нас зноў не абвінавацілі ў тым, што пад парламенцкія выбары мы праводзім гэту вельмі важную нараду, якая вызначыць аблічча нашага грамадства ў будучыні”, — прапанаваў Лукашэнка.

БелаПАН