Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні сістэмы медыявымярэнняў
Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка падпісаў указ № 122 „Аб стварэнні сістэмы медыявымярэнняў”, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
У адпаведнасці з дакументам, пад медыявымярэннямі разумеецца сістэматычны збор, аналіз, захоўванне i распаўсюджванне дадзеных аб глядацкіх і слухацкіх перавагах аўдыторыі тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі.
Ва ўказе вызначаныя асноўныя прынцыпы дзяржаўнага рэгулявання і функцыянавання сістэмы медыявымярэнняў. Прадугледжваецца, што праводзіць медыявымярэнні будзе адзіны нацыянальны медыявымяральнік.
Спецыяльна ўпаўнаважаным дзяржаўным органам у сферы медыявымярэнняў з’яўляецца Міністэрства інфармацыі. Яно ажыццяўляе выбар медыявымяральніка, устанаўлівае патрабаванні да яго, падставы і парадак спынення яго паўнамоцтваў.
„Прыняцце ўказа дасць магчымасць стварыць нацыянальную сістэму медыявымярэнняў, якая адпавядае сусветным стандартам, будзе спрыяць развіццю рынку рэкламы ў Беларусі”, — адзначае прэс-служба прэзідэнта.
У студзені 2019 года на нарадзе аб новых падыходах у забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі дзяржавы Аляксандр Лукашэнка назваў яе адным з сур’ёзных напрамкаў бяспекі краіны ў цэлым, а таксама заявіў, што наспела пытанне стварэння арганізацыі, якая будзе ацэньваць рэйтынгі СМІ.
„Але яе трэба зрабіць такой, каб ёй давяралі людзі і, перш за ўсё, СМІ, якія будуць падлягаць гэтай ацэнцы”, — дадаў ён.
Пасля нарады прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант паведаміла, што кіраўніку дзяржавы прапанаваныя розныя варыянты арганізацыі сістэмы медыявымярэнняў: ад прыцягнення замежнай міжнародна прызнанай даследчай кампаніі да арганізацыі ўласнага дзяржаўнага вымяральніка.