„Лукашэнка, пакліч сваіх шасцёрак!”
Мужчына выйшаў з плакатам да Менскага гарадскога Савета дэпутатаў з патрабаваннямі да Лукашэнкі „пакараць злачынцаў”.
Пікетовец, якога завуць Сяргей Кацялеўскі, патлумачыў, што накіроўваў шматлікія звароты (у Дзяржынскую пракуратуру, Менскую абласную пракуратуру, а таксама Генеральную пракуратуру), але заўсёды атрымліваў толькі адпіскі:
– Сёння спаўняецца роўна два гады, як я стаў інвалідам – у мяне быў інсульт. Мінздароя, якое прыкрывае сваіх лекараў, абсалютна не варушыцца, ні разу нават не праводзілі ніводнай праверкі, толькі адны адпіскі. На плакаце пазначаны прозвішчы Пушкароў і Казлоў – гэта людзі, якія нанеслі мне цялесныя пашкоджанні і не прыцягнутыя да адказнасці дагэтуль.
Ён мяркуе, што менавіта гэтыя медыкі вінаватыя ў тым, што ён атрымаў інваліднасць. І хоча, каб у дачыненні да іх правялі праверку. Акрамя гэтага, пікетовец пракрычаў „Лукашэнка, пакліч сваіх шасцёрак, каб яны пачыталі, што тут напісана!”, маючы на ўвазе свой плакат.
Мужчына адзначыў, што не баіцца затрымання на падставе ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, бо больш „няма сілаў цярпець”.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск