Лукашэнка: Дамо рыдлёўку ў зубы — і пайшоў працаваць



 
Людзей трэба прывучыць да працы, нельга ствараць клас беспрацоўных, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня ў Берасці. „Калі мы іх не станем далучаць да грамадска карыснай працы, як раней казалі, значыць, мы будзем ствараць гэты клас, і ён будзе павялічвацца. Нам гэтага дапусціць нельга”, — падкрэсліў ён.

„Вядома, будзе нейкі малы працэнт людзей, якія ні на што не здольныя. Спецыфічнымі метадамі будзем прымушаць. Але ёсць людзі, якія могуць, але ўхіляюцца. Гэтых людзей трэба ставіць у такія ўмовы, каб яны ўсё-такі ішлі працаваць”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Паводле яго слоў, пасля выхаду абноўленага дэкрэта №3 мясцовым органам улады будуць дадзены самыя шырокія паўнамоцтвы. „Мы вычленім людзей па персаналіях: хто можа, але не хоча, хто хоча, але не можа, і тых, якім трэба рыдлёўку ў зубы — і пайшоў працаваць. Няхай на мяне не крыўдзяцца”, — папярэдзіў Лукашэнка. Дэкрэт №3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь, інакш ім пагражае штраф або адміністрацыйны арышт. Дэкрэт выклікаў рэзкую незадаволенасць у грамадстве, у лютым—сакавіку гэтага года па краіне прайшла хваля стыхійных вулічных пратэстаў.

Тэрмін выплаты збору „за дармаедства” скончыўся 20 лютага 2017 года. Паводле звестак МПЗ, збор выплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленні. У мясцовыя бюджэты паступіла 16,3 млн рублёў.

У сакавіку Лукашэнка правёў нараду, дзе абмяркоўваўся гэты дэкрэт. Міністэрству па падатках і зборах было дадзена ўказанне пачаць вяртанне сродкаў плацельшчыкам, якія паспелі заплаціць збор. Вяртанне збору пачалося ў ліпені, грошы вяртаюць толькі тым, хто змог працаўладкавацца.

3 жніўня падчас даклада аб дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне Лукашэнка заявіў, што не будзе адмяняць дэкрэт №3, і даручыў ураду дапрацаваць дакумент да 1 кастрычніка.

Паводле БелаПАН