Лукашэнка пра каронавірус: Для панікі ў нас няма падстаў
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларуская сістэма аховы здароўя працуе нядрэнна, а для панікі ў сувязі з каронавірусам падстаў няма. Пра гэта ён заявіў 12 сакавіка, слухаючы даклад міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка.
„Мяне найперш хвалюе галоўнае пытанне — кіравальнасць сістэмы. Кіравальнасць заўсёды паказвае сябе і з’яўляецца лакмусавай паперкай у нейкіх неардынарных выпадках. Нядрэнна працуе, вядома, сістэма аховы здароўя, і ўрачы малайцы”, — прыводзіць словы Лукашэнкі тэлеграм-канал „Пул Першага”.
Кіраўнік дзяржавы пракаментаваў сітуацыю з процідзеяннем распаўсюджванню каронавіруса: „Супакойвацца, вядома, нельга, але і для панікі ў нас няма ніякіх падстаў”.
Напярэдадні стала вядома аб пераносе на няпэўны тэрмін „Вялікай размовы з прэзідэнтам” — традыцыйнага мерапрыемства, куды запрашаюць абраных прадстаўнікоў грамадскасці, СМІ і экспертаў. Як паведаміла парталу tut.by прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант, мерапрыемства планавалася 12 сакавіка. Яго перанос звязаны „не толькі і не столькі” з каронавірусам, колькі з „напластаваннем найважнейшых палітычных мерапрыемстваў у графіку прэзідэнта”. „Хоць пазіцыя прэзідэнта ў гэтым пытанні адназначная: шапказакідальніцтва і бестурботнага стаўлення да сітуацыі быць не павінна, зараз усім трэба быць вельмі акуратнымі”, — дадала Эйсмант.