Лукашэнка прапануе больш увагі надаць вывучэнню беларускай мовы
Больш увагі трэба надаваць вывучэнню беларускай мовы ў школе. Пра гэта кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў.
Па ягоных словах, у цяперашні час вывучаецца сітуацыя ў сферы сярэдняй адукацыі, дзе хапае недахопаў. У якасці прыкладу Лукашэнка прывёў школьную праграму, у якой рускай і нават ангельскай мове адводзіцца больш гадзін, чым беларускай. Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў адзначае, што падобныя прапановы ўжо даўно ёсць у Адміністрацыі прэзідэнта.
– Цягам пяці гадоў наш ліст знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзідэнта. Мы патрабавалі ўвесь час павялічыць колькасць гадзін беларускай мовы ў школе. Напэўна ён нарэшце праз пяць гадоў наш ліст прачытаў і падтрымаў нашыя прапановы. Тут дзве прычыны – з аднаго боку цікавасць народа да беларускай мовы, з другога боку – ўкраінскі фактар. Вось яны і супалі разам.
„Добра, на рускай мове мы практычна ўсе размаўляем. Але на беларускай мове, у побыце, дома размаўляем менш. То можа трэба ў школе на карысць беларускай мовы даць адну гадзіну, а не ангельскай?” – цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. Нараканні ў кіраўніка дзяржавы ёсць і да школьнай праграмы па літаратуры, у якую „па незразумелых прычынах” уключаюцца тыя ці іншыя творы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belta.by