Лукашэнка ўзгадніў прызначэнні старшыняў шэрагу райвыканкамаў



Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня ўзгадніў прызначэнні старшыняў шэрагу райвыканкамаў, паведаміла дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

Кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне Аляксандра Пазняка старшынёй Аршанскага райвыканкама. Да гэтага ён быў памочнікам прэзідэнта — інспектарам па Віцебскай вобласці.

Алег Паскробка, які раней працаваў першым намеснікам міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, узначаліў Салігорскі райвыканкам.

Таксама ўзгодненыя прызначэнні Уладзіміра Бялова — старшынёй Ганцавіцкага райвыканкамаАляксандра Дарашэнкі — старшынёй Драгічынскага райвыканкама, Андрэя Булаўкіна — старшынёй Бешанковіцкага райвыканкама, Паўла Налівайкі — старшынёй Асіповіцкага райвыканкама і Дзмітрыя Рубана — старшынёй Хоцімскага райвыканкама.

Як заявіў Лукашэнка падчас узгаднення прызначэнняў, найбліжэйшым часам ён мае намер наведаць праблемныя гаспадаркі ў розных рэгіёнах Беларусі. „У маіх падарожжах (я ўжо хачу адкрыць гэты сакрэт) у Берасці, потым на Магілёўшчыне, потым на Віцебшчыне першае пытанне ў раёне будзе: „Якія праблемныя гаспадаркі?” Паедзем, паглядзім на гэтыя праблемныя гаспадаркі”, — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што адсталым прадпрыемствам кіраўнікі мясцовых органаў улады павінны надаваць асаблівую ўвагу. „Не забывайце, што проста бяздумна ездзіць па раёне, матацца па ўсіх гаспадарках не трэба. У вас тры-чатыры, можа, у кагосьці пяць праблемных гаспадарак. Займіцеся імі, гэта ваша аблічча. Я гэта заўсёды буду памятаць і патрабаваць. Натуральна, і ўсе мае падначаленыя з гэтага будуць зыходзіць”, — заявіў афіцыйны лідар.

 БелаПАН