Лукашэнка: З 1 студзеня павышаем тарыфы ЖКГ на $5



Аляксандр Лукашэнка забараніў ураду павышаць у 2018 годзе тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі без узгаднення з ім. „Стаўлю задачу для ўсіх: з 2018 года праводзіцца разавае павышэнне тарыфаў толькі на 5 долараў і ў далейшым — ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінны быць уздымнымі для народа. У гэтай сувязі ўраду, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручаю дэталёва праверыць. І 1 студзеня 2018 года зацвердзім тарыфы рашэннем прэзідэнта”, — заявіў Лукашэнка, выступаючы 20 кастрычніка ў Менску на рэспубліканскім семінары „Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны”.

Ён нагадаў, што ў Беларусі ў пачатку года тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі традыцыйна павышаюцца на 5 долараў у эквіваленце і індэксуюцца ва ўвязцы з ростам даходаў насельніцтва.

Наколькі мне вядома, такое павышэнне ўжо адбылося ў студзені 2017 года. Разам з тым урад, вядучае міністэрства, Міністэрства гандлю ў верасні павысілі тарыфы на 8% і пачынаеце далей палохаць людзей тым, што ў снежні яшчэ павялічыце на 10%, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — І гэта пры тым, што з лістапада ўсе аб’ектыўна будуць плаціць больш у сувязі з уключэннем ацяплення. Гэта антынародны падыход да справы. Так быць не павінна. Гэта прывядзе да значнага росту плацяжоў, што несумненна выкліча негатыўны грамадскі рэзананс. І слушны будзе гэты рэзананс. Чаму нельга індэксаваць тарыфы, скажам так, калі няма ацяплення, жыроўкі лягчэйшыя? Хоць і гэта мы ўжо зрабілі. Не разумею, вы, губернатары, разам з урадам каму хочаце дагадзіць — сваім людзям або нейкім міжнародным арганізацыям?”

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што „нельга бударажыць насельніцтва размовамі аб стопрацэнтнай кампенсацыі кошту паслуг літаральна з заўтрашняга дня”. „Гэтае пытанне ў тым ліку і палітычнае, спешка тут недапушчальная. Мы палічым спачатку тарыфы дакладна, каб энергетыкі, тыя, хто ваду падае, не жыравалі і не вырашалі свае праблемы за кошт насельніцтва. І тады прымем рашэнне, калі будзем выходзіць і як будзем выходзіць на стопрацэнтную аплату. Я перакананы: калі мы вельмі дакладна палічым, ужо з трэцяга заходу, гэтыя тарыфы, то працэнт кампенсацыі будзе вельмі высокім. Можа быць, і 90%”, — заявіў Лукашэнка.

„Мы ні пад каго не павінны падладжвацца. Не забывайце, што галоўны прыярытэт нашай сацыяльнай палітыкі — гэта інтарэсы людзей, а не ведамстваў і розных міжнародных структур”, — падкрэсліў ён.

Павысіць тарыфы на паслугі ЖКГ ураду ў ліку іншых мер рэкамендаваў Міжнародны валютны фонд, у якога Беларусь у канцы 2015 года запытала новы крэдыт на 3 млрд долараў. У ліпені 2017 года перамовы па новай крэдытнай праграме былі прыпыненыя. Адным з прынцыповых рознагалоссяў бакоў стала пытанне аб хуткасці павышэння тарыфаў на паслугі ЖКГ для насельніцтва. БелаПАН