Лукашэнка запатрабаваў заняцца праблемай працоўнай міграцыі ўрачоў
Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру аховы здароўя Дзмітрыю Піневічу ўнесці прапанову па вырашэнню пытанняў працоўнай міграцыі ўрачоў.
У час наведвання гарадской бальніцы нумар 1 імя Сямашкі ў Оршы ён пацікавіўся ў галоўнага ўрача Аршанскага рэгіёну Сяргея Карака колькасцю анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў у рэгіёне. Той паведаміў, што хапае, але кіраўнік Міністэрства аховы здароўя зазначыў, што „па краіне ёсць недахоп гэтых спецыялістаў”. Атрымаўшы бясплатную адукацыю ў Беларусі, некаторыя з’язджаюць працаваць за мяжу.
Паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, Лукашэнка паставіў задачу заняцца вырашэннем гэтай праблемы.
«Ты мне павінен унесці ў новым годзе прапанову. Прыйшоў ва ўніверсітэт вучыцца – прыйшоў, скончыў. Мы цябе рыхтавалі – адпрацуй 10 гадоў. Нам трэба паставіць усе кропкі над i», – заявіў ён.
Лукашэнка прыгадаў падзеі мінулага года, адзначыўшы, што сярод медперсаналу, вядома, заўсёды могуць быць людзі з іншым пунктам гледжання і ён лічыць гэта натуральным.
«Але вы ж будзьце тварам нацыі, паводзьце сябе годна. Вось у чым праблема. Толькі ў тым, што парушалі закон», – сказаў ён.