Лукашэнкаўскі рэжым засыпаў месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага соллю



Лукашэнкаўскі рэжым засыпаў месца гібелі пакутніка сённяшняга супраціву Аляксандра Тарайкоўскага тэхнічнай соллю. У гэты чацвер на менчукоў, якія яе прыбралі, наляцеў АМАП.

Кажа адзін з удзельнікаў ланцуга памяці Сяржук Мацкойць:

– Быў вельмі непрыемна ўражаны тым, што на Пушкінскай плошчы былі засыпаны надпісы соллю і зацёртыя шмат якія надпісы. У мяне ўзнікае толькі адна аналогія – гэта як магілы паўстанцаў Каліноўскага, якіх забіваў царскі ўрад, засыпалі вапнай. Тут адбываецца тое ж самае. Разбураецца людскі мемарыял, які быў усталяваны на месцы забойства. Зараз, я гляджу, да людзей чапляюцца міліцыянты, да тых, хто прыходзіць на мірныя акцыі пратэсту. Гэта зусім ужо не лезе ні ў якія рамкі.

У гэты чацвер, людзі цэлы дзень збіралі, змяталі высыпаную ўладамі на народны мемарыял Тарайкоўскага тэхнічную соль. Калі яны сталі ў ланцуг памяці, каля паловы на восьмую вечара пад’ехалі аўтазакі з АМАПАМ. Сама меней, двое з пратэстоўцаў былі затрыманыя.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск