Львоў і Менск будуць рэкламаваць сябе наўзаем



У Менску з’явяцца рэкламныя бігборды турыстычных аб’ектаў Львова, а ў сталіцы Галічыны – рэклама беларускіх турыстычных маршрутаў. Пра гэта дамовіўся львоўскі мэр Андрэй Садовый падчас сустрэчы са старшынём Менскага гарвыканкама Андрэем Шорэцам.

Львоў

Львоў, разам з Кіевам, Чарнігавым і Адэсай уваходзіць у лік самых папулярных украінскіх гарадоў у беларускіх турыстаў. Пры гэтым на папулярнасць у беларусаў “горада Лева” не паўплывала і  расейская прапаганда, якая традыцыйна называе галоўны горад Галічыны “сталіцай бандэраўскіх украфашыстаў”. Львоў застаецца адкрытым горадам, дзе заўсёды радыя гасцям, незалежна ад іх нацыянальнасці, веравызнання і мовы.

Расказвае карэнны львавянін Олесь Дзындра, вялікі сімпатык Беларусі:

– Львоў – гэта мастацкі горад. Львоў – гэта месца дыялогу ўжо апошнія 800 гадоў, гэта горад, дзе кожны да кожнага кажа на свай мове і ўсе адзін аднаго разумеюць. У гэтыя моманты, калі Львову не шанцавала, палітыкі ўмешваліся ў нармальны рэжым жыцця, у нармальны спосаб стасункаў, дыялогаў, тады былі моманты агрэсіі, але гэта былі моманты вялікай гісторыі Львава – гэта моманты на якія можна не звяртаць увагу.

Нагадаем, што 17 жніўня беларуская кампанія “Белавіа” запусціла рэгулярны авіярэйс Менск-Львоў-Менск.

Беларускае Радыё Рацыя